2002

Пракуратура: прымусовая падпіска ў Лідзе насіла “рэкамендацыйны характар”

01.11.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пракуратура Лідскага раёна адказала на зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адносна ліста мясцовых уладаў аб падпісцы на дзяржаўныя выданні.

У верасні ў прэсу трапіў ліст Лідскага райвыканкаму да кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёну. У ім улады звярталі увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў “на неабходнасць прыняцця мер па правядзенні падпісной кампаніі на 4 квартал на выданні “Советская Белоруссия”, “Рэспубліка”, “Звязда”, “Гродзенская праўда”, “Лідская газета” і іншыя...” Колькасць выпісаных выданняў павінна складаць не менш за 50 % ад колькасці працаўнікоў прадпрыемства, — адзначалася ў дакуменце.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” убачыла ў дадзеным факце парушэнне роўных эканамічных умоў для згаданых выданняў перад іншымі і звярнулася ў пракуратуру з просьбай праверыць законнасць патрабаванняў улады.

У выніку разгляду пракуратура Лідскага раёну паведаміла, што ліст кіраўнікам прадпрыемстваў са словамі “неабходна забяспечыць” і “павінна складаць”, аказваецца, насіў рэкамендацыйны характар.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” неаднаразова звяртала ўвагу на тое, што падпісныя дырэктывы чыноўнікаў істотна парушаюць роўнасць умоў працы дзяржаўных і недзяржаўных СМІ ў Беларусі.

Да таго ж шэраг недзяржаўных выданняў па-ранейшаму не ўключаныя ў падпісны каталог РУП “Белпошта”, куды неаднаразова спрабавалі трапіць, але атрымлівалі адмовы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!