406

Пракуратура пра ператрус у Павука: Ніякіх парушэнняў не было

29.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Гучныя справы

Відэаблогер, сябра ГА “БАЖ” Андрэй Павук атрымаў адказ з пракуратуры Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. Блогер скардзіўся раённаму пракурору на беспадстаўнае затрыманне супрацоўнікамі міліцыі 20 сакавіка 2018 года.

Нагадаем, раніцай 20 сакавіка ў гарадскім пасёлку Акцябскі ў кватэру Андрэя Павука, дзе ён пражывае з сям’ёй, прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Паводле слоў Павука, на яго адразу адзелі кайданкі і адвезлі ва ўпраўленне Следчага камітэта. Затрыманне патлумачылі тым, што нібыта з яго хатняга камп’ютара на электронны адрас Мінстэрства надзвычайных сітуацый было адпраўленае паведамленне пра мініраванне будынка ў пасёлку. Таксама праваахоўнікі зладзілі ў кватэры блогера ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку.

Пракурор Акцябрскага раёна Андрэй Лявончык (Андрей Леончик) у сваім адказе (ад 27.03.2019 г.) на скаргу Андрэя Павука сцвярджае, што “супрацоўнікі Акцябрскага РАУС дзейнічалі ў адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам” і якіх-кольвек парушэнняў у іх дзеяннях не выяўлена.

Юрыст ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў з гэтым не згодны:

“Лічу, што законных прычын для затрымання не было. Пералік падстаў для затрымання ёсць Крымінальна-працэсуальным кодэксе. На жаль, пракурор на гэта ніяк не адрэагаваў. Таму затрыманне Андрэя Павука выглядае як адвольнае з пункту гледжання Міжнароднага права”, — кажа юрыст.

Ён раіць блогеру Павуку абскарджваць далей дзеянні міліцыянтаў на нацыянальным і міжнародным узроўнях.

На сёння блогер Андрэй Павук знаходзіцца ў статусе падазраванага па крымінальнай справе за фальшывае паведамленне пра мініраванне (ч. 1 арт. 340 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Ніякіх мер стрымання ў дачыненні яго не абрана.