519

Пракуратура Магілёва прызначыла службовую праверку ў Магілёўскім межрайаддзеле Следчага камітэта пасля скаргі журналіста

20.07.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пасля звароту магілёўскага журналіста Уладзіміра Лапцэвіча  пракуратура Магілёва выявіла парушэнні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства супрацоўнікамі Магілёўскага міжрайаддзела Следчага камітэта. У сувязі з гэтым у Магілёўскі МРСК накіравана інфармацыйнае пісьмо і прызначана службовая праверка, паведаміў журналісту ў лісце В.а. пракурора Магілёва Аляксандр Каранькоў.

Уладзімір Лапцэвіч

“Пачынаючы з 2017 года па маёй заяве Магілёўскі МРСК праводзіць праверку ў дачыненні да супрацоўніка Ленінскага РАУС Сяргея Калеснікава і работніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанціна Кісцянёвава, якія перашкодзілі мне, журналісту СМІ, выконваць службовыя абавязкі, а менавіта прысутнічаць на сходзе членаў гаражнага кааператыва «Спадарожнік 2008". Неправамерныя дзеянні былі здзейснены Калеснікавым і Кісцянёвым, нягледзячы на ​​запрашэнне мяне на сход кіраўніцтвам кааператыва.

Кожны раз следчыя прымаюць пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, якія пасля адмяняюцца або судом, або пракуратурай, ці кіраўніцтвам Магілёўскага МРСК. Няякасная дадатковая праверка, на што я неаднаразова ўказваў, абскарджваючы пастановы, неаднаразова станавілася прычынай прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці старэйшых следчых Лескаўца і Другакова”, — распавёў карэспандэнту службы маніторынгу БАЖ Уладзімір Лапцэвіч.

Аднойчы журналіст заўважыў, што ў сваім адказе на яго чарговы зварот часова выконваючы абавязкі начальніка Магілёўскага міжрайаддзела Следчага камітэта Юрый Раманаў дае недакладную інфармацыю і пасля гэтага звярнуўся са скаргай у пракуратуру г. Магілёва і да кіраўніцтва Следчага камітэта.

“Караючы сваіх падначаленых следчых, кіраўніцтва Магілёўскага МРСК само ўстала на шлях парушэння заканадаўства, - адзначае Уладзімір Лапцэвіч. Так, 10 мая 2018 года намеснік пракурора Магілёва вынес чарговую пастанову аб адмене пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, вынесенай следчым Лескаўцом. На мой чарговы зварот у следчыя органы адносна няякасна праведзенай праверкі следчым Лескаўцом, часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела Юрый Раманаў у лісце ад 8 чэрвеня 2018 г. паведаміў, што «ў цяперашні час рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па матэрыяле праверкі па вашай заяве адменена для правядзення дадатковай праверкі, накіраванай на ўсебаковае, аб'ектыўнае і поўнае расследаванне ўсіх абставін у іх сукупнасці, пра вынікі якой вы будзеце апавешчаныя дадаткова».

Частка 5 арт.173 КПК паказвае, што з моманту накіравання матэрыяла на дадатковую праверку да прыняцця рашэння па ім даецца не больш за 10 сутак. Паколькі часу прайшло значна больш, мне прыйшлося звярнуцца ў пракуратуру Магілёва са скаргай на парушэнне тэрмінаў праверкі.

Паводле адказа намесніка пракурора Магілёва Аляксандра Каранькова рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было прынята 21 мая 2018г. Потым 18 чэрвеня чвп начальніка Магілёўскага МРСК Сянькоў А. В. адмяніў пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

З прыведзеных вышэй дат становіцца зразумела, што на момант падрыхтоўкі адказу Раманавым (08.06.2018 года) ніякай дадатковай праверкі па маёй заяве ў указаны час не праводзілася, паколькі гэта дата знаходзіцца ў часовым прамежку паміж датай заканчэння адной дадатковай праверкі (21.05.2018 года) і датай пачатку іншай дадатковай праверкі (18.06.2018 года). Такім чынам чвп начальніка Магілёўскага МРСК Юрый Раманаў элементарна схлусіў мне.

Паколькі ліст Раманава датаваны, мае выходны нумар і штамп следчага падраздзялення, то ён з'яўляецца афіцыйным дакументам. Арт. 427 КК (службовы падлог) вызначае, што службовым падлогам з'яўляецца, у прыватнасці, ўнясенне службовай або iншай упаўнаважанай асобай заведама ілжывых звестак і запісаў у афіцыйныя дакументы, альбо падробка дакументаў, альбо складанне і выдача заведама фальшывых дакументаў, учыненыя з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці .

Акрамя таго, у парушэнне ч.3 арт.174 КПК, дзе гаворыцца пра тое, што аб прынятым рашэнні паведамляецца заяўніку і адначасова яму тлумачыцца права на абскарджанне рашэння, мне ніякіх копій пастаноў ад 21 чэрвеня 2018г. і ад 28.06.2018 года (калі павінна была скончыцца чарговая дадатковая праверка) не накіроўвалася”, — адзначае Лапцэвіч.

Па словах журналіста, ён здзіўлены тым, што пракуратура Магілёва не можа прыцягнуць да адказнасці Юрыя Раманава, які фактычна здзейсніў службовы падлог, накіраваўшы яму недакладную інфармацыю, толькі на той падставе, што Раманаў пераведзены на іншую пасаду і ўжо не з’яўляецца супрацоўнікам Магілёўскага МРСК.

“Чыноўнікаў за здзейсненыя злоўжыванні караюць і праз некалькі год пасля здарэння, а тут пракуратура Магілёва не можа ўжыць меры пракурорскага рэагавання толькі таму, што Раманаў пераведзены на іншую пасаду. Неяк дзіўна гэта выглядае. Спадзяваюся, што службовая праверка нарэшце дапаможа супрацоўнікам Магілёўскага міжрайаддзела Следчага камітэта належным чынам выконваць свае службовыя абавязкі”, — кажа журналіст.