664

Пракуратура Беларусі адмовілася правяраць, ці чыніла міліцыя гвалт над журналістамі

24.07.2020 Крыніца: Svaboda.org

Начальніца аддзелу нагляду за выкананьнем правоў і свабодаў грамадзянаў Генэральнай пракуратуры Беларусі Марына Папова 24 ліпеня адказала на калектыўны зварот беларускіх журналістаў аб перашкодах дзейнасьці СМІ, піша БелаПАН.

Затрыманьне апэратара Радыё Свабода Андрэя Рабчыка на пікеце ў Менску 19 чэрвеня 2020 году.

«Правядзеньне праверак аб парушэньнях заканадаўства аб СМІ, якія праявіліся ў незаконным абмежаваньні свабоды масавай інфармацыі і складаньні пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэньні паводле арт. 22.19 КаАП аднесена непасрэдна да кампэтэнцыі органаў унутраных справаў», — гаворыцца ў адказе на зварот.

 

«Вы ўчыняеце злачынства». 213 журналістаў падпісалі рэзкі зварот да ўладаў

«Падлога пада мной была ў крыві». Карэспандэнту Свабоды зламалі нос пры затрыманні

 

Прыняцьце рашэньняў наконт заяў аб перашкодзе законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста, учыненым з ужываньнем гвалту або з пагрозай яго ўжываньня службовай асобай органаў унутраных справаў у сувязі зь яго службовай ці прафэсійнай дзейнасьцю, і вырашэньне пытаньня аб наяўнасьці ў гэтых дзеяньнях складу злачынства, прадугледжанага арт. 198 Крымінальнага кодэксу, адносіцца «да выключнай кампэтэнцыі органаў папярэдняга сьледзтва», пішуць у Генпракуратуры.

Адміністрацыйнае затрыманьне і іншыя працэсуальныя дзеяньні могуць быць абскарджаныя непасрэдна ўдзельнікамі адміністрацыйнага працэсу, дадаюць у адказе пракуратуры. Іншыя фізычныя і юрыдычныя асобы могуць абскарджваць гэта, толькі калі дзеяньні і рашэньні «закранаюць іхныя правы і законныя інтарэсы».

Затрыманым параілі самастойна зьвяртацца з абскарджаньнем у тэрытарыяльныя органы пракуратуры і суды, са скаргамі на перавышэньне паўнамоцтваў праваахоўнікамі — у тэрытарыяльныя органы Сьледчага камітэту.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!