413

Праграміста сайта "Магілёўскі рэгіён" у КДБ прымусілі здаць паролі ад медыя і падпісаць паперы аб супрацоўніцтве

26.08.2021

Канстанцін Латушкін як праграміст абслугоўваў інтэрнэт-старонкі па замове кліентаў. У ліку яго кліентаў была  рэдакцыя магілёўскага грамадска-палітычнага партала "Магілёўскі Рэгіён" (адрас сайта 6tv.by). 29 ліпеня да Канстанціна прыйшлі дадому супрацоўнікі КДБ з пастановай на вобшук у межах крымінальнай справы паводле артыкула "Тэрарызм". Mspring.media расказвае гісторыю Канстанціна Латушкіна.

Праводзіць вобшук прыйшлі шэсць чалавек: чацвёра міліцыянтаў і два супрацоўнікі ўпраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці.

Цікавы момант з вобшукам: пакуль сілавікі пагражалі Латушкіну адпраўкай у СІЗА, ён спакойна паклаў свой камп'ютар — вялікі MacBook — у рэчы дзяцей і вывеў іх да ліфта гуляць з мамай у двары. У выніку падчас вобшуку сілавікі не знайшлі нічога патрэбнага для іх, тэхніку не забралі, але павезлі на допыт самога Канстанціна ў абласны офіс КДБ на вуліцы Піянерскай.

Падчас допыту стала зразумела, што распарадак дня Латушкіна быў вядомы сілавікам — за ім сачылі. Яны прыгразілі, што раз палова рэдакцыі 6tv.by на чале з галоўным рэдактарам Дзмітрыем Салаўёвым пакінула Беларусь, сядзець у СІЗА будзе менавіта Латушкін. У выніку супрацоўнікі КДБ атрымалі паролі ад сайта, а праграміста адпусцілі. Праўда, перад гэтым узялі з яго распіску аб супрацоўніцтве.

"Пасля працяглай гутаркі, атрымаўшы агентурнае імя "выкажам здагадку, Іваноў", Канстанцін Латушкін, бацька дваіх непаўнагадовых дзяцей, выйшаў на волю толькі пасля сямі вечара, не маючы на руках ніякіх дакументаў. Паабяцаўшы, вядома, што будзе дапамагаць супрацоўнікам КДБ усім, чым зможа", — піша сайт mspring.media.

Канстанцін Латушкін і яго сям'я выехалі з Беларусі. Сайт 6tv.by працуе — сілавікі, нават маючы паролі, нічога з ім не змаглі зрабіць.

Важны момант: праграміст кажа, што супрацоўнікі КДБ адкрыта заяўлялі, што іх мэта — любымі шляхамі затрымаць рэдактара 6tv.by Дзмітрыя Салаўёва.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!