489

Праект бабруйчан “Глуша Адамовіча” — сярод пераможцаў конкурса Social weekend

17.05.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Ідэя выйграла грашовую падтрымку ў намінацыях “Малая радзіма” ад “Беларусбанка” і “Добрая ініцыятыва” родных і сяброў Віталя Князева.

Праект распрацоўвала каманда, асноўная частка якой — сябры бабруйскай суполкі ГА “БАЖ”.

“Глуша Адамовіча” — праект, накіраваны на ўшанаванне памяці Алеся Адамовіча і стварэнне на падставе ягонага імя брэнда пасёлка Глуша — малой радзімы пісьменніка. Бабруйчане хочуць распрацаваць экскурсію-спектакль па творах Адамовіча.

Фінал 13-га сезона буйнейшага ў Беларусі конкурса сацыяльных праектаў Social weekend прайшоў у Менску 16-га траўня.  За падтрымку мецэнатаў спаборнічалі 15 праектаў з усёй краіны, якія прайшлі народнае галасаванне, ¼ фінала і паўфінал.

ААТ АСБ “Беларусбанк” абіраў пераможцу ў намінацыі “Малая радзіма”. У яе траплялі праекты, накіраваныя на паляпшэнне жыцця насельніцтва (асобных груп), інфраструктуры малых гарадоў Беларусі, захаванне культурнай спадчыны. Прыз пераможцу намінацыі — BYN 10 000.

Намінацыя сяброў і родных фундатара Віталя Князева “Добрая ініцыятыва” абяцала BYN 1000 лепшаму праекту, які падтрымлівае і развівае родную мову ці культуру, а таксама пашырае актыўны лад жыцця.

Сябры журы — прадстаўнікі абедзвюх намінацый  — вырашылі, што менавіта “Глуша Адамовіча” —  найлепшы праект для падтрымкі. Агулам ініцыятыва атрымае BYN 11 000 на рэалізацыю праекта.

“Глушу Адамовіча” ад самага пачатку падтрымлівае нобелеўская лаўрэатка, сябра ГА “БАЖ”, пісьменніца Святлана Алексіевіч. Яна галасавала за праект на першым этапе Social weekend — народным галасаванні праз смс-паведамленні.

Таксама праект падтрымлівае дачка Алеся Адамовіча Наталля. Яна была разам з камандай бабруйчан на фінале.

Social weekend — не адзіны конкурс, у якім бабруйская ініцыятыва выйшла сёлета ў фінал. У красавіку рэалізаваная летась ідэя арт-аб’екта “Прыпынак Адамовіча” трапіла ў шорт-ліст конкурса ICOMOS у Беларусі ў намінацыі “Лепшы культурны праект, накіраваны на захаванне і выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны”.

Летась каманда сабрала праз краўдфандынг сродкі на помнік Алесю Адамовічу, які плануецца ўсталяваць у Глушы ўжо гэтай восенню.

Алесь Адамовіч — беларускі пісьменнік, публіцыст, журналіст, грамадскі дзяяч. Нарадзіўся 3 верасня 1927 года (афіцыйна дата, сапраўдная – 3 жніўня 1926 года). Дзяцінства правёў ў Глушы пад Бабруйскам. Там жа на свае вочы пабачыў Другую сусветную вайну. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Вёў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Падтрымліваў стварэнне Беларускага народнага фронта. Намагаўся раскрыць праўду пра Чарнобыльскую катастрофу, быў са-старшынёй Міжнароднага фонда «Дапамога ахвярам Чарнобыля». Вядомыя ягоныя творы «Я з вогненнай вёскі», «Хатынская аповесць»,  «Вайна пад стрэхамі», «Апакаліпсіс па графіку» і іншыя.

Алесь Адамовіч памёр 26 студзеня 1994 года, пахаваны ў Глушы.