1767

Прадстаўнікі ГА “БАЖ” папрасілі Ананіч вярнуць недзяржаўныя газеты ў “Белсаюздрук”

07.12.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прадстаўнікі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Міхась Янчук і Алег Агееў падчас прыёму ў міністра інфармацыі Ліліі Ананіч паспрабавалі паразмаўляць пра вяртанне недзяржаўных газет у шапікі “Белсаюздруку” і рэалізацыю міжведамаснага плану па выніках Універсальнага перыядычнага агляду.

— Мы запісаліся на прыём, каб абмеркаваць з міністрам важнейшыя праблемы ў недзяржаўнай медыясферы, якія ёсць на сённяшні дзень. Размова ішла пра магчымыя шляхі супрацоўніцтва ў межах рэалізацыі Міжведамаснага плана па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых Беларуссю па выніках праходжання краінай другога цыклу Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце ААН. Таксама гаварылі і пра ранейшую фактычную забарону на распаўсюд шэрагу недзяржаўных выданняў праз дзяржаўныя сеткі, — расказаў намеснік старшыні ГА “БАЖ” Міхась Янчук.

Размова падчас сустрэчы ішла ў асноўным пра вяртанне газет у сістэму “Белсаюздрук”, бо юрыдычна “Белпошта” не падпарадкаваная Міністэрству інфармацыі.

— Мы яшчэ раз паставілі пытанне пра тое, што нягледзячы на нядаўнюю заяву Ананіч пра роўныя ўмовы для усіх выданняў, пяць недзяржаўных газет пазбаўленыя магчымасці распаўсюджвацца ў Беларусі. Гэта “Intex-press” у Баранавічах, “Барысаўскія навіны”, “Газета Слонімская”, “Отдушина” і рэспубліканская газета “Новы Час”. Гэтыя выданні рэгулярна звяртаюцца ў дзяржаўныя сеткі распаўсюду з просьбай уключыць іх у падпісныя каталогі і сетку продажу, аднак кожны год атрымліваюць адмовы, — распавёў Янчук.

Міністр інфармацыі заявіла, што зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” будзе разгледжаны.

Што тычыцца выканання Міжведамаснага плана па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых Беларуссю па выніках праходжання краінай другога цыклу Універсальнага перыядычнага агляду, прадстаўнікі ГА “БАЖ” прапанавалі запрашаць сябраў арганізацыі да абмеркавання праектаў нарматыўных актаў, у распроцоўцы і ўзгадненні якіх прымае ўдзел Мінінфарм.

Таксама падчас сустрэчы была закранутая тэма ўплыву расійскага кантэнту на беларускую інфармацыйную прастору. Прадстаўнікі журналісцкай арганізацыі выказалі спадзеў на павелічэнне долі нацыянальнага інфармацыйнага прадукту, аднак не знайшлі паразумення з міністрам па гэтым пытанні. Паводле Ліліі Ананіч, Расійская федэрацыя з’яўляецца для Беларусі стратэгічным партнёрам, у тым ліку і ў галіне масавай інфармацыі.

Таксама падчас сустрэчы Лілія Ананіч заявіла пра факты парушэння заканадаўства з боку недзяржаўных СМІ. У прыватнасці міністр зазначыла, што на некаторых недзяржаўных рэсурсах каментары карыстальнікаў мадэруюцца недастаткова.

Паводле слоў Ананіч, на некаторых сайтах каментатары недапушчальна і абразліва атакуюць кіраўніцтва краіны. Міністр заявіла, што лічыць неабходным гэту практыку змяняць, у тым ліку з дапамогай ГА “БАЖ”. Прадстаўнікі арганізацыі заявілі, што наадварот з’яўляюцца цвёрдымі прыхільнікамі дэкрыміналізацыі адказнасці за дыфамацыю на старонках СМІ і ў інтэрнэце.