2288

Прадстаўнік СК Ерашэнкаў асабіста вырашыў не даваць інфармацыю “Газеце Слонімскай”

30.05.2017 Крыніца: Мікола Канановіч для baj.by

Пасля публікацыі на сайце БАЖ нататкі “Газеце Слонімскай” адмовілі ў атрыманні інфармацыі ў райаддзеле Следчага камітэта”, галоўнаму рэдактару “ГС” Віктару Валадашчыку патэлефанаваў начальнік Слонімскага райаддзела Следчага камітэта Яўген Ерашэнкаў.

Нагадаем, што ў нататцы аўтара ішла размова пра атрыманне ў розныя гады журналістамі “ГС” інфармацыі з крымінальнай хронікі ад слонімскіх сілавікоў ды нядаўнюю адмову ў атрыманні такой інфармацыі з боку Яўгена Ерашэнкава.

Як зазначыў Віктар Валадашчук пасля размовы з галоўным следчым Слоніма, Яўген Ерашэнкаў сказаў, што не даваць інфармацыю журналісту “ГС” Таццяне Плахетка было яго асабістым рашэннем пасля перадруку на сайце артыкула  “Главный следователь страны построит дом в «Дроздах-2», хотя уже получил льготный коттедж в Пинске”.

“Я хачу, каб на тым самым сайце (маецца на ўвазе сайт ГА "БАЖ" — М.К.) напісалі, што не даваць вам больш інфармацыю — гэта быў мой асабісты пратэст на вашу публікацыю, хаця раней мы з вамі плённа супрацоўнічалі праз штотыднёвыя брыфінгы, на якія я запрашаў вашых журналістаў. А то цяпер мне тэлефануюць з пытаннямі з нашай прэсс-службы, з “Радыё Свабода…”, — цытуе следчага Віктар Валадашчук.

Пра тое, як будзе ладзіцца супрацоўніцтва следчых органаў з газетай далей, канкрэтна начальнік райаддзела Следчага камітэта нічога не сказаў, зазначыў галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!