278

Прадстаўніца БАЖ Вольга Сяховіч падчас выступу перад Радай Бяспекі ААН: беларускія ўлады адмаўляюць грамадзянам у праве на інфармацыю

06.09.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі ў Радзе Бяспекі, ініцыяванае Эстоніяй, прайшло 4 верасня ў фармаце відэаканфэрэнцыі. Прадстаўніца ГА "БАЖ" Вольга Сяховіч у сваім выступе распавяла пра маштаб рэпрэсій, скіраваных супраць журналістаў, рэдакцый і грамадзян, якія былі пазбаўленыя свабоднага доступу да інфармацыі.

Вольга Сяховіч адзначыла, што з пачатку прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі рэзка пагоршылася: улады разгарнулі жорсткія рэпрэсіі, спрабуючы перашкодзіць журналістам і блогерам паведамляць пра акцыі пратэсту, звязаныя з выбарамі. 

На працягу трох дзён пасля выбараў 9 жніўня 2020 года доступ у Інтэрнэт у Беларусі быў сур'ёзна абмежаваны. Доступ да шэрагу вэб-сайтаў СМІ быў заблакаваны, адным з першых быў заблакаваны сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў BAJ.BY, а таксама публічны мабільны нумар арганізацыі.

За тры дні акцый пратэсту пасля выбараў было арыштавана больш за 70 беларускіх і замежных журналістаў, а 54 утрымліваліся пад вартай. Журналісты таксама сталі аб'ектамі жорсткага абыходжання з боку АМАП: 25 журналістаў былі збітыя, трое параненыя, калі сілавкі стралялі гумовымі кулямі і светашумавымі гранатамі ў дэманстрантаў, у многіх была пашкоджана або канфіскавана тэхніка.

Усяго з пачатку выбарчай кампаніі было арыштавана больш за 150 журналістаў, 39 з іх падвергнуліся фізічным нападам. Многія з іх прыцягваліся да адміністрацыйна адказнасці за працу без акрэдытацыі альбо нібыта за ўдзел у незаконнай дэманстрацыі.

Толькі за адзін дзень, 27 жніўня, паліцыя арыштавала каля 50 журналістаў.

Нягледзячы на ​​гэтыя складаныя і небяспечныя ўмовы, незалежныя журналісты працягваюць выконваць свае прафесійныя абавязкі.

У апошнія дні Беларуская міжведамасная камісія па бяспецы ў інфармацыйнай сферы здзейсніла масавую адмену акрэдытацый журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, такія як AP, BBC, Reuters і іншыя.

Былі пазбаўленыя акрэдытацыі 17 журналістаў.

З такімі грубымі парушэннямі свабоды выказвання меркавання, і асабліва правоў журналістаў, беларускія ўлады адмаўляюць грамадзянам у праве на інфармацыю.

Свабода слова —  аснова для іншых правоў чалавека, у прыватнасці права на свабоду сходаў і асацыяцый, а таксама выбарчага права, якія неабходныя для мірнага ўрэгулявання палітычных крызісаў.

Мы заклікаем членаў Савета Бяспекі і ўсе дзяржавы-члены ААН настойваць на тым,к аб улады Беларусі паважалі права на свабоду слова,  падтрымлівалі беларускі народ і грамадзянскую супольнасць Беларусі ў іх дзеяннях, накіраваных на абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў для грамадзянаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!