486

Польскі парлямэнт прыняў закон аб Радзе нацыянальных СМІ

23.06.2016 Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё

Прыняцьце закону можа азначаць вяртаньне дзяржаўным СМІ аўтаноміі, якую яны страцілі паўгода таму.

Польскі Сэйм прыняў закон аб Радзе нацыянальных СМІ. Прыняцьце закону можа азначаць вяртаньне дзяржаўным СМІ аўтаноміі, якую яны страцілі на пачатку гэтага году.

Новы закон падтрымалі 227 дэпутатаў, супраць прагаласавалі 207. Згодна зь ім, кіраўніцтва дзяржаўнага радыё й тэлебачаньня будзе прызначаць Рада нацыянальных СМІ. У склад гэтага воргану ўвойдуць 5 чалавек. Траіх будзе выбіраць парлямэнт, а дваіх будзе выбіраць прэзыдэнт з кандыдатаў, якія запрапануе парлямэнцкая апазыцыя. Тэрмін паўнамоцтваў сяброў рады будзе складаць 6 гадоў. Новы закон павінна зацьвердзіць вышэйшая палата парлямэнту – Сэнат.

Прыгадаем, што ў сьнежні мінулага году польскі парлямэнт галасамі партыі «Права й справядлівасьць» прыняў часовыя папраўкі ў закон аб грамадзкіх СМІ. Згодна зь імі, кіраўніцтва дзяржаўнага радыё й тэлебачаньня прызначалася непасрэдна ўрадам, а ня выбранай парлямэнтам радай, як было дагэтуль. Адначасова прадстаўнікі партыі «Права й справядлівасьць» паабяцалі да 30 чэрвеня прыняць новы закон аб грамадзкіх СМІ. Пазбаўленьне дзяржаўных масмэдыя аўтаноміі выклікала вострую крытыку з боку Эўразьвязу.