НЕ - ВАЙНЕ!
2540

Польшча складае новае заканадаўства аб СМІ

20.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Бахрэйне ўзмацніўся ціск на праваабаронцаў, у Афганістане загінуў ваенны карэспандэнт, Сірыйскі журналіст у эміграцыі перанёс другі замах на жыццё, а Польшча складае новае заканадаўства аб СМІ навіны партнёраў.

У Бахрэйне ўзмацніўся ціск на праваабаронцаў

У Бахрэйне 13 чэрвеня быў арыштаваны Набіл Раджаб і абвінавачаны ў распаўсюдзе “хлуслівых навінаў, якія падрываюць рэпутацыю дзяржавы”. Набіл Раджаб з’яўляецца прэзідэнтам бахрэйнскага “Цэнтра правоў чалавека”, лаўрэат узнагароды “За свабоду выказвання” “Індэкса цэнзуры”. Пасля паўстання ў Бахрэйне ў 2011 годзе яго неаднаразова арыштоўвалі, правёў два гады ў турме з 2012 па 2014 гады. Праз некалькі месяцаў пасля вызвалення быў зноў арыштаваны за твіт, у якім абазваў улады Бахрэйна “інкубатарам для ІГІЛа”; за гэты твіт адсядзеў тры месяцы.

Таксама 6 чэрвеня праваабаронца Зайнаб Альхаваджа пакінула Бахрэйн разам з двума дзецьмі. Зайнаб была вызваленая з турмы 31 траўня, дзе яна знаходзілася разам са сваім паўтарагадовым сынам. Зайнаб пачала ўдзельнічаць у пратэстах у 2011 годзе, калі быў арыштаваны яе бацька — Абдуладзі Альхаваджа, сузаснавальнік бахрэйнскага “Цэнтра правоў чалавека”. З таго часу Зайнаб неаднаразова арыштоўвалі, апошні раз у сакавіку 2016 года. Зайнаб вырашыла з’ехаць у Данію, краіну другога грамадзянства, пасля таго як атрымала папярэджанне, што будуць выстаўлены абвінавачанні з больш доўгімі тэрмінамі.

У Афганістане загінуў ваенны карэспандэнт

6 чэрвеня “Рэпарцёры без межаў” паведамілі пра гібель амерыканскага журналіста ў Афганістане, у правінцыі Хелманд. Дэвід Джылкі і яго мясцовы перакладчык Забінула Тамана перамяшчаліся з канвоем афганскай арміі і папалі пад абстрэл Талібана. 50-гадовы Джылкі асвятляў канфлікты ў Афганістане і Іраку з 2001 года. Паводле статыстыкі “Рэпарцёраў”, за 15 гадоў у Афганістане загінулі 35 журналістаў, з іх 16 замежнікаў.

Сірыйскі журналіст у эміграцыі перанёс другі замах на жыццё

13 чэрвеня сірыйскі журналіст Ахмед Абд Аль-Кадэр перажыў другі замах на жыццё. Журналіста абстралялі з матацыкла ў паўднёваўсходнім турэцкім горадзе Урфа. Журналіст быў шпіталізаваны, стан стабільны, паведамляе “Камітэт абароны журналістаў”.

Спробу забойства зрабілі тэрарысты з Ісламскай дзяржавы, пра што напісала іх навінавае агенцтва “Амак”. Яны таксама ўзялі адказнасць за забойства брата і калегі журналіста ў кастрычніку 2015 года. Ахмед Аль-Кадэр выдае газету для сірыйцаў у выгнанні.

Бразільскія суддзі змагаюцца з журналістамі

У Бразіліі ў паўднёвым штаце Паранья група суддзяў пачала пераслед журналістаў з выдання “Gazeta do Povo”, паведамляюць “Рэпарцёры без межаў”.

У лютым газета раскрытыкавала заробкі суддзяў і пракурораў, сцвярджаючы, што іх сярэдні заробак на 20 % перавышаў дазволены парог для дзяржаўных служачых. У выніку 35 суддзяў і 2 пракуроры распачалі справы аб паклёпе супраць пяці журналістаў газеты. Адказчыкі ўжо наездзілі больш за 6 000 кіламетраў у 15 розных муніцыпалітэтах, каб прысутнічаць на слуханнях. У агульным суддзі патрабуюць маральнай кампенсацыі на 350 тысяч еўра.

Рэдактар выдання заўяўляе пра тое, што справы ідэнтычныя і каардынуюцца як адна хваля пераследу. Газета звярталася ў Вярхоўны суд з тым, каб справы слухаліся па-за межамі штата, але суд адмовіў. Таксама газета заявіла, што карысталася дадзенымі з адкрытых крыніц, з сайтаў судоў і пракуратуры, і прапанавала суддзям месца ў газеце, каб адказаць на крытыку.

Ісламская дзяржава забіла як найменш 27 журналістаў

“Камітэт абароны журналістаў” апублікаваў інфаграфіку па гібелі журналістаў ад дзейнасці тэрарыстычнай групоўкі Ісламскай дзяржавы. Пасля захопу горада Масул 10 чэрвеня 2014 года на поўначы Іраку, СМІ ў рэгіёне былі літаральна знішчаныя.  “Камітэт” удзельнічаў у расследаванні ў Іраку у 2015 годзе, але пошук інфармацыі працягваецца дагэтуль. Былі ўстаноўлены факты гібелі 27-мі журналістаў ад рук ІД, яшчэ 11 лічацца прапаўшымі  без вестак.

Польшча складае новае заканадаўства аб СМІ

PAP/Leszek Szymański

“Рэпарцёры без межаў” вітаюць рашэнне польскага парламента адкласці прыняцце закона аб СМІ; была адкінута папраўка, якая змяніла бы легальны статус журналістаў і дазволіла б адвольна наймаць і звальняць журналістаў. 13 студзеня Еўракамісія распачала аналіз заканадаўчых рэформаў ураду PiS, і 1 чэрвеня выдала меркаванне, што многія з рэформаў нясуць пагрозу верхавенству права. 1 ліпеня плануецца разгляд закона аб Савеце нацыянальных СМІ.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!