1002

Побач з ізалятарам на Акрэсціна затрымалі журналістаў. Іх пакаралі арыштам і штрафам

24.09.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Побач з ізалятарам на Акрэсціна затрымалі журналістаў Дзяніса Ганчарэнку і Алеся Любянчука. Яны сустракалі калег, якія адбылі 11 сутак арышту — фатографаў Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча.

Затрыманых журналістаў адвезлі ў Маскоўскі РАУС.

Дзяніса Ганчарэнку і Алеся Любянчука перавязуць у ЦІП на Акрэсціна. Заўтра іх будуць судзіць.

На кожнага склалі па два пратколы: па арт. 23.4 і 22.9 КаАП (праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі, непадпарадкаванне міліцыянтам).  Справы разглядалі ў судзе Маскоўскага раёна Мінска.

Абодва журналісты — Ганчарэнка і Любянчук —  пакараныя арыштам на 12 сутак і штрафамі ў  30 базавых велічынь за працу без акрэдытацыі

Стала вядома, што 24 верасня позна ўвечары ў Мінску быў затрыманы аператар, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Павел Патапаў. Ён здымаў падзеі на Партызанскім праспекце.

Паўла Патапава суд Заводскага раёна пакараў арыштам на 15 сутак (пратакол па арт. 23.34 ч.1 КаАП – «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў»).

Ноч журналіст правёў на Акрэсціна, працэс па яго справе — у Судзе Завадскога раёна.

24 верасня пасля 11 сутак зняволеньня з ізалятара на вуліцы Акрэсціна ў Мінску выйшлі журналісты Уладзь Грыдзін і Аляксандар Васюковіч. Яны заявілі, што параяцца з адвакатам наконт абскарджвання прысудащ, бо лічаць их несправядливымі.

У Гомелі пасля 10 сутак арышту сёння выйшла на свабоду журналістка Марына Драбышэўская.

Грыдзін, Васюковіч, Драбышэўская адбывалі пакаранне быццам бы за ўдзел у акцыях пратэсту, хаця насамрэч яны асвятлялі падзеі.

Цяпер, паводле інфармацыі ГА "БАЖ", у зняволенні застаюцца 7 журналістаў: Зміцер Салаўёў, Ягор Марціновіч, Андрэй Якімуш, Мікалай Мамінаў (яго лёс невядомы ад 20 верасня), Максім Несцеркаў, Яўген Меркіс, Сяргей Шчурко.

Адбывае аршыт былы супрацоўнік прэзідэнцкага пулу Дзмітрый Семчанка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!