225

«Пляскала ў ладкі, крычала «Позор!»». У Слуцку асудзілі журналістку Зінаіду Цімошак

06.08.2020

Сёння, 6 жніўня, у Слуцку працягваюцца суды над удзельнікамі сарванай сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай. Пазаштатная журналістка "Новага Часу" Зінаіда Цімошак распавяла, як яе судзілі.

Разгляд судовай справы супраць мяне распачаўся а дзясятай гадзіне. Сведчанні начальніка Слуцкага РАУС Аляксандра Голікава і яшчэ аднаго супрацоўніка міліцыі пераважылі аргументы карэспандэнта.

Мяне прызналі ўдзельнікам несанкцыянаванага мітынгу з мэтай адлюстравання пратэсту супраць дзеючай улады і пакаралі штрафам памерам у 5 базавых велічынь на суму 135 рублёў.
 

Аргументы супрацоўнікаў міліцыі: акцыя была несанкцыянаваная і яны прынялі ўсе меры для захавання правапарадку. На мне адсутнічаў бэйджык «Прэса», я фатаграфала, пляскала ў ладкі і крычала «Позор».

Мае аргументы: людзі прыйшлі на законную сустрэчу з кандыдатам Ціханоўскай, кіраўніцтва райвыканкама і Слуцкі РАУС не прынялі належных мер для апавяшчэння случчан аб забароненай акцыі і самі павінны несці адказнасць за тое, што адбылося. Па заданню рэдакцыі я асвятляла мерапрыемства. Так выйшла: прыйшла на законнае, а асвятляла несанкцыянаванае, мела пры сабе пасведчанне карэспандэнта. А за такую правіннасць, як адсутнасць бэйджыка, журналістаў пакуль не судзяць. Да таго ж менеджар сайта «Слуцк — горад» таксама фатаграфаў і не меў бэйджыка. Пасля затрымання быў адпушчаны з РАУС без складання пратакола.

Начальнік Слуцкага РАУС у якасці доказу маіх злачынных паводзін паведаміў, што я нібыта пляскала ў ладкі і крычала «Позор» і да таго ж прысутнічаю на ўсіх апазіцыйных мерапрыемствах, у тым ліку святкаванні Слуцкага збройнага чыну.

Прыйшлося суду прадэманстраваць маю хворую пакрыўленую руку, якой я ўжо тры гады ні з кім не вітаюся, а не тое што пляскаю.

Дый пляскаць, трымаючы ў руках мабільны тэлефон, не кожны зможа. Што датычыцца выкрыквання вокліча «Позор!» — з такім рускамоўным словам я развіталася яшчэ 15 гадоў таму. Трэба аддаць належнае начальніку міліцыі, што іншых злачынных дзеянняў у маіх паводзінах ён не заўважыў і адзначыў маю паслухмянасць пры пасадцы ў спецаўтамабіль.

На мае пытанне, чаму адначасова з канцэнтрацыяй людзей так хутка з’явіўся АМАП з Мінска, да якога 100 км, і ці не быў ён адмыслова загадзя падрыхтаваны для хапуну, дакладнага адказу ў яго не знайшлося.

Было відавочна, што судовыя спрэчкі праводзіліся толькі для «птушкі», усе пратаколы, якія былі складзены ў міліцыі ў першы дзень, былі перапісаны належным чынам на наступны дзень — усім удзельнікам як пад капірку. Пра мітынг у падтрымку Ціханоўскай у пратаколе нават не ўзгадвалася — каб было за што судзіць.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!