983 0

Першы суд у гэтым годзе – над Ларысай Шчыраковай

12.01.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Гомельскі раённы суд праз СМС-паведамленне выклікае 13 студзеня сябру ГА “БАЖ” Ларысу Шчыракову на судовае пасяджэнне, дзе мае разгледзець складзены паводле арт. 22.9 КаАП адміністрацыйны пратакол.

Ларыса Шчыракова

Як сказана ў пратаколе капітана міліцыі Гомельскага РАУС Р. В. Цітова, Шчыракова, “знаходзячыся 24 снежня 2015 года ў аграгарадку Урыцкае Гомельскага раёна, не маючы акрэдытацыі ў якасці замежнага карэспандэнта СМІ, падрыхтавала інтэрв’ю ў розных грамадзян, незаконна вырабіла прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта відэасюжэт “Падтрымка дзяцей-сірот на іх шляху да дарослага жыцця”, які быў апублікаваны 24.12. 2015 у эфіры тэлеканала “Белсат”.” (тэкст падаем без змяненняў)

Сюжэт, у вырабе якога абвінавачваюць журналістку, быў прысвечаны праблемам былога гадаванца школы-інтэрната з пасёлка Урыцкі. Пратакол Ларыса Шчыракова атрымала па пошце 4 студзеня.  

Нагадаем: напрыканцы мінулага і ў першыя дні новага года стала вядома пра некалькі новых пратаколаў па арт.22.9 КаАП: адзін – на Ларысу Шчыракову, два – на Кастуся Жукоўскага. Трэці пратакол на Кастуся Жукоўскага – з Веткаўскага РАУС – хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час прыйдзе яму поштай.  

Днямі Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі накіравалі скаргі начальнікам Гомельскага, Калінкавіцкага і Кармянскага РАУС, супрацоўнікі якіх складалі пратаколы. Журналісты дамагаюцца адмены складзеных на іх адміністрацыйных пратаколаў.

Днямі ў Адміністрацыю прэзідэнта звярнулася кіраўніцтва ГА “БАЖ” – таксама з нагоды пераследу журналістаў-фрылансераў. Арганізацыя заклікала ведамства паспрыяць выкараненню практыкі неабгрунтаванага ўмяшальніцтва супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у працу журналістаў.

Летась сп-ра Жукоўскага штрафавалі 6 разоў за парушэнне арт. 22.9 КаАП, Ларысу Шчыракову – двойчы. Агулам у 2015 годзе па артыкуле 22.9 КаАП незалежных журналістаў у Беларусі штрафавалі 28 разоў.

Каментары