1247

Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у хуліганстве і пераводзяць у жодзінскае СІЗА

18.01.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Перакладчыцы Вользе Калацкай прад’явілі абвінавачанне па ч.1 арт.339 Крымінальнага кодэкса “Хуліганства”. Пра гэта стала вядома прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Родныя мяркуюць, што Вольгу прыцягваюць да адказнасці за падзеі, паказаныя ў матэрыяле супрацоўніка дзяржаўнага тэлеканала СТВ Рыгора Азаронка, у якім жанчыны падчас аднаго з маршаў гучна сварацца з прапагандыстам.

Пасля прад’яўлення абвінавачання следчыя Фрунзенскага раённага аддзялення Следчага камітэта вызначылі меру стрымання перакладчыцы на час следства ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Днямі Вольгу Калацкую перавядуць у Жодзінскае СІЗА.

Вольга Калацкая не з’яўляецца журналісткай, але яе затрыманне ў пятніцу выклікала шырокі розгалас у коле беларускай інтэлігенцыі.

У свой час Вольга пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Ўільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, "Гладыятар”, “Шрэк”, “Сямейку Смітаў” ды іншыя.

З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу выступіў Амерыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.

Вольга Калацкая жыве ў Мінску з 89-гадовай маці, якой патрабуецца дагляд. Цяпер дапамагаць маці адгукнуліся сябры і вучні Вольгі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!