304

Пайшоў з жыцця гродзенскі журналіст Аляксей Дземідовіч

03.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

1 сакавіка 2019 года пайшоў з жыцця гродзенскі журналіст, паэт і кіраўнік музея Васіля Быкава ў Гродне Аляксей Дземідовіч. Пра гэта ў Facebook паведаміў дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны ГрДУ Віталь Карнялюк.

04-ckarnaluk_vital.jpg

Працяглы час Аляксей Сідаравіч Дземідовіч працаваў на Гродзенскім радыё, вёў уласныя перадачы. У 2012 годзе быў абраны старшынём Гродзенскага гарадскога грамадскага аб’яднання ветэранаў і кіраўніком грамадскага музея Васіля Быкава, які існаваў пры аб’яднанні з 2003 года.

Апошнія гады жыцця Аляксей Дземідовіч, не шкадуючы сваіх высілкаў і часу, прысвяціў напаўненню фондаў музея Быкава, пашырэнню экспазыцыі новымі матэрыяламі і знаходкамі.

Алесь Госьцеў, гродзенскі краязнаўца і сябра Рады музея Быкава, падзяліўся кранальнымі словамі пра творчы і прафесійны шлях Аляксея Дземідовіча:

“Пайшоў у Вечнасць цудоўны, светлы чалавек, цікавы беларускі паэт, таленавіты журналіст, апошні кіраўнік музея Васіля Быкава ў Гародні. Аляксей Сідаравіч адносіўся да пакалення «дзяцей вайны» і ўсё свае сумленнае жыццё высока нёс харугву Працавітасці і Творчага пачатку. Прафесійны журналіст, ён шмат гадоў працаваў на Гродзенскім радыё, а апошнія свае пятнаццаць гадоў жыцця прысвяціў справе грамадскага музея Васіля Быкава. І я, як сябра Рады гэтага музея, шэраг гадоў меў шчаслівую магчымасць працаваць з ім разам.

Так сталася, што і грамадскі музей Васіля Быкава ў Гародні, і яго апошні кіраўнік скончылі свой жыццёвы шлях амаль адначасова. Светлая памяць аб Аляксеі Сідаравічы назаўсёды застанецца ў маім сэрцы”.

01-budzma.by_.jpg

На пачатку 2019 года стала вядома, што праз недахоп фінансавання і малую зацікаўленасць з боку дзяржавы і грамадства дзейнасцю музея ягоная багатая экспазіцыя, паводле адных звестак, мае пераехаць у гродзенскі музей Максіма Багдановіча, паводле іншых — прадметы музейнага значэння будуць перададзеныя на сталае захаванне ў фонды Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.

ГА «БАЖ» шчыра спачувае блізкім і родным Аляксея Дземідовіча.