724

Павел Левінаў падаў у суд на Белтэлерадыёкампанію

16.06.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Віцебскі праваабаронца хоча дамагчыся абвяржэння звестак, распаўсюджаных у тэлепраграме “Клуб рэдактараў” 7 лютага. На думку сп-ра Левінава, яны не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

У згаданым выпуску тэлепраграмы, прысвечаны ў асноўным праблемам ва Украіне, цягам амаль трох хвілін абмяркоўвалася сустрэча беларускіх праваабаронцаў са спецыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашам Харашці ў Вільні. Падчас абмеркавання ў эфіры даваліся негатыўныя ацэнкі дзеянням праваабаронцаў.

Напрыклад, на думку П. Левінава, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька зняважліва выказваўся пра праваабаронцаў, называючы іх “так званымі праваабаронцамі”, якія нешта ўкладвалі “яму [Міклашу Харашці] там у вушы”. А госць тэлепраграмы, дэпутат Мінскага гарсавета Георгі Атаманаў, ужыў выраз “праваабарончая шпана”.

Павел Левінаў, які быў адным з удзельнікаў сустрэчы беларускіх праваабаронцаў са спецдакладчыкам ААН, палічыў, што выказванні ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання не адпавядаюць рэчаіснасці і зняважылі яго асабіста.

Скаргу на дзеянні дзяржаўнага органа, “якія замахваюцца на права свабоднага выказвання меркавання”, Павел Левінаў накіраваў у суд Першамайскага раёна Мінска. Ён просіць суд абавязаць Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію даць яму магчымасць выступіць у эфіры тэлеканала “Беларусь-1”.

Перад тым, як звярнуцца ў суд, Левінаў паспрабаваў вырашыць пытанне праз зварот наўпрост у Белтэлерадыёкампанію. Аднак кіраўніцтва  Белтэлерадыёкампаніі адказала на патрабаванне праваабаронцы адмовай.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!