521

Павел Левінаў: “Дапамагаю віцебскім медыкам рукамі і коламі”

15.04.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: COVID-19

Сябра ГА “БАЖ” з Віцебска, правабаронца Павел Левінаў далучыўся да валанцёрскіх структур, якія імкнуцца забяспечыць лякарні неабходным абсталяваннем, а лекараў  — сродкамі індывідуальнай абароны.

Задачы ў Паўла перадусім “мужчынскія” — гэта загрузка і разгрузка паставак, а таксама транспарціроўка самага неабходнага з Мінска на Віцебшчыну і па лякарнях рэгіёна. Бывае, што толькі адных медычных пальчатак даводзіцца загрузіць-разгрузіць 20 кілаграмаў, кажа валанцёр:

— Раблю што магу. Цяпер шмат хто ідзе гэтым шляхам: людзі, якія ў жыцці не трымалі ў руках іголку і ніткі, шыюць маскі і камбінезоны, камп’ютаршчыкі  выдрукоўваюць  дэталі для рэспіратараў, настаўнікі  робяць выкрайкі камбінезонаў. Калі я магу дапамагчы сваімі рукамі, то імі я і дапамагаю.

Аўтамабіль Левінава пазнаюць практычна ва ўсіх віцебскіх шпіталях і  ў маленькіх раённых лякарнях. А вось яго самога ў масцы і ахоўных акулярах пазнаць цяжкавата — не відаць ягонай заўсёднай усмешкі,  з якой яго прызвычаіліся бачыць сябры.

Сёння Павел Левінаў адзначае Дзень народзінаў, ГА “БАЖ” жадае яму паболей нагод для ўсмешак, здароўя, моцы і ўдачы!    

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!