239

Паўла Севярынца этапавалі ў шклоўскую калёнію

18.09.2021 Крыніца: Радыё Свабода

«Сёньня этапавалі нашага дарагога Паўла Севярынца. Яго новае месца гэта горад Шклоў, ІК-17, там, дзе сядзеў Вітальд Ашурак. Лісты цяпер трэба пісаць туды, бліжэйшыя два тыдні з пазнакай „карантын“, пасьля стане вядомы атрад», — напісала ў фэйсбуку жонка палітыка Вольга Севярынец.

Исправительная колония №17 находится по адресу: 213004, г. Шклов, ул. 1-я Заводская д.8.

Яна таксама расказала пра цяперашні стан бацькі Паўла, Канстанціна Севярынца, які разам жонкай Тацянай нядаўна моцна захварэў на каранавірус і трапіў у інфэкцыйны шпіталь Віцебску.

«Нашаму тату ўсё яшчэ дрэнна, асабліва ноччу. Нам застаецца толькі маліцца за нашых родных і спадзявацца на Бога. Прашу ўзгадваць нашу сям’ю ў малітвах», — напісала Вольга.

Павал Севярынец — апазыцыйны палітык, сузаснавальнік партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», пісьменьнік. Сёлета ў сьнежні яму споўніцца 45 гадоў. Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі летась 7 чэрвеня. Тады яму вынесьлі тры прысуды аб адміністрацыйных арыштах па 15 дзён кожны за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і за заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Далучылі 30 дзён арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў сьнежні 2019 і студзені 2020 гадоў.

Пасьля 75 дзён Паўла Севярынца ня выпусьцілі на волю, а перавялі ў СІЗА № 1 у статусе падазраванага паводле арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Там выставілі абвінавачаньне.

25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе Севярынцу абвясьцілі прысуд. Судзьдзя Ірына Ланчава асудзіла палітыка на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

27 жніўня апэляцыйны суд пакінуў прысуд палітыку ў сіле.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!