2613

Паспрабавалі зламаць фатаграфічныя стэрэатыпы: адкрылася выстава “Маладосць. Беларусь”

18.02.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Мадэльны бізнэс, беларускамоўная сям'я, клаўстрафобія ў пад'ездах, валанцёрства, прадпрымальніцтва, казіно ды іншыя тэмы адлюстраваныя ў фотапраектах выпускнікоў адукацыйнага курса “Фотапраект: ад ідэі да прасоўвання”. Выстава гэтых прац пад назваю “Маладосць. Беларусь” адкрылася ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі.

"Мы вельмі ўсцешаныя, што ў гэтых сценах увесь час віруе жыццё. Пётр Усцінавіч Броўка умеў падтрымаць маладых, творчых людзей, умеў іншым поглядам паглядзець на праблему. І нам важна пачуць і ўбачыць, што хочуць сказаць маладыя, — сказала падчас адкрыцця выставы загадчык Літаратурнага музея Петруся Броўкі Наталля Мізон. — Гэтыя праекты кранальныя. І хочацца далей убачыць свет людзей, адлюстраваных на здымках. Гэтая выстава цікавая для разгляду і можа даць новы віток для роздумаў і размоў".

Адзначым, Літаратурны музей Броўкі праводзіць шмат сучасных і цікавых мерапрыемстваў. У яго залях ужо былі ці не ўсе аматары культурных імпрэзаў сталіцы.

Вядомая журналістка Марына Загорская прыдумала канцэпцыю курса.

"Мець ідэі — цудоўна, але калі не можаш данесці іх да аўдыторыі, то ідэі правісаюць у паветры. Гэта быў жорсткі інтэнсіў ад расійскага фатографа  Міхаіла Дамажылава і цяжкая праца з беларускім фатографам Сяргеем Балаем, — крыху распавяла спадарыня Загорская пра тое, як праходзіў навучальны працэс.Сяргей Балай прыклаў шмат намаганняў, у тым ліку і па-за заняткамі, каб праекты былі выкананыя. Мы крочым у будучыню, і я ўдзячная і трэнерам, і ўдзельнікам. Яшчэ будуць заключныя заняткі па прасоўванню сваіх праектаў".

Кіраўнік інфармацыйнай службы агенцтва БелаПАН Сяргей Балай прызнаўся, што на пачатку не вельмі верыў у поспех задуманай справы, бо было вельмі мала часу:

"У нас падабралася цікавая група — на пачатку яна была "рэпартажнай". Але што атрымалася на выхадзе — радуе вока. Я бачу, што лекцыі па візуальных мовах не прайшлі дарма. Удзельнікі курсу паспрабавалі зламаць у сабе фатаграфічныя стэрэатыпы, найперш па форме падачы візуальнага матэрыялу. Амаль кожны з гэтых праектаў можа мець свой працяг. Доўгатэрміновыя праекты — гэта важная частка нашай працы, гэта штукі найперш для душы і для натхнення".

Марыя Сонгаль рабіла фотапраект "Народжаны рана" пра хлопчыка, які нарадзіўся раней тэрміну. Пра жыцццё і побыт яго сям'і.

"Дзякуючы ўдзелу ў курсе я зрабіла крок наперад як фатограф. Я змагла сфармуляваць свае далейшыя мэты ў прафесіі фотажурналіста,  даведалася шмат новага пра візуальныя мовы фатаграфіі, этыку фатографа, я рэалізавала свой фотапраект, які істотна адрозніваўся ад таго, што я рабіла раней. Магу сказаць, што ў мяне нават адбыўся свайго роду пераварот у светапоглядзе адносна пытанняў "як здымаць і што здымаць".
Вялікі дзякуй арганізатарам і выкладчыкам курсу!" — распавяла Марыя Прэс-службе ГА "БАЖ".

Цікавы фотапраект пра шоў фаершчыкаў зняў Сяргей Людкевіч:

"Людзі глядзяць шоў і ніколі не задумваюцца пра тое, што стаіць за прыгожай карцінкай. Колькі сінякоў залечваюць фаершчыкі, хто гэтыя людзі і чаму яны гэтым займаюцца.

Курс мне даў магчымасць пачаць адыходзіць ад рэпартажнай фатаграфіі да больш дакументальнай. Што важна ў працы над асабістымі праектамі. Дзякуючы курсу я зняў свой першы праект".

Таццяна Свірэпа яшчэ студэнтка, таму яна рабіла фотапраект пра жыццё ў інтэрнаце.

"Гэта тое, што мне цяпер блізка",— патлумачыла дзяўчына. Таццяна адзначыла, што навучальны курс дапамог ёй зразумець, як можна стварыць "серыю" з адзнятага матэрыялу.

Выставу можна паглядзець у Літаратурным музеі Петруся Броўкі (вул. Карла Маркса, 30).

Музей працуе з панядзелка да суботы ўключна, з 10.00 да 17.30. Кошт квітка — 1,5 рублі. Таксама можна будзе паглядзець літаратурную экспазіцыю, пазнаёміцца з побытам слыннага паэта.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!