НЕ - ВАЙНЕ!
352

Пасля слоў “Да мяне ломяцца ў дзверы” знікла сувязь з віцебскай журналісткай Жаннай Жалевіч

16.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Пазаштатную карэспандэнтку інтэрнэт-выдання “Витебский курьер” 15 лістапада апавясцілі пра адміністрацыйную справу, распачатую ў дачыненні да яе за нібыта незаконнае пікетаванне. Сёння Жанна Іванова (Жанна Жалевіч – гэта псеўданім, якім аўтарка падпісвае свае артыкулы) перастала выходзіць на сувязь, напісаўшы перад гэтым у Фэйсбуку, што да яе ў кватэру ломяцца невядомыя. Гэта адбылося каля паловы на восьмую раніцы, і з тае пары сувязі з журналісткай няма.

Яшчэ ўчора міліцыянты Першамайскага РАУС Віцебска хацелі затрымаць Жанну Жалевіч да суда і нават адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. Але ў міліцыі ёй зрабілася кепска, яна выклікала хуткую дапамогу, а падчас агляду ў ізалятары паведаміла ўрачам, што мае шэраг сур’ёзных хранічных хваробаў. Ацаніўшы свае магчымасці, супрацоўнікі ІЧУ вырашылі, што не змогуць аказаць дапамогу жанчыне ў крытычнай сітуацыі, і адпусцілі дахаты. Яе зноў завезлі ў аддзел міліцыі Першамайскага раёна і ўручылі позву ў суд на 18 лістапада.

Ці ў міліцыянтаў змяніліся планы і што ўвогуле здарылася сёння ранкам — невядома. Жанна Жалевіч жыве адна, і ніхто з блізкіх не прысутнічаў падчас апісаных уранні падзей. Допіс у Фэйсбуку пра тое, што да яе ў кватэру спрабуюць трапіць невядомыя, амаль адразу знік са старонкі журналісткі, і застаецца таямніцай, хто яго выдаліў: ці яна сама, ці нейкія асобы атрымалі доступ да яе тэлефона і камп’ютара.

Чытайце яшчэ:

Што такое Infopoint, доступ да якога атрымаў агент ГУБАЗіКа?

Палітыка, сатыра, крынж і коцікі. Што незалежныя медыя посцяць у сацсетках?

Кіраўніца БелТА ў ролі “ваеннага эксперта”: Украіна ўцягвае ў канфлікт NATO, а Польша марыць “адцяпаць”

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!