87 0

Пасля скаргі магілёўскага журналіста да супрацоўніка Следчага камітэта прыняты меры ўздзеяння

13.06.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Часова выконваючы абавязкі начальніка Магілёўскага міжрайаддзела Следчага камітэта Юрый Раманаў у афіцыйным лісце паведаміў журналісту Уладзіміру Лапцэвічу, што да старэйшага следчага Аляксандра Раманава “прынятыя адпаведныя меры ўздзеяння”. Таксама Раманаў пагадзіўся з тым, што выкладзеныя ў звароце Лапцэвіча факты “часткова знайшлі сваё аб’ектыўнае пацвярджэнне”.

Уладзімір Лапцэвіч

Уладзімір Лапцэвіч у маі звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта са скаргай на тое, што кіраўніцтва Следчага камітэта на працягу некалькіх месяцаў не можа дамагчыся належнага выканання службовых абавязкаў ад сваіх супрацоўнікаў.

Пастановы следчых Магілёўскага МАСК аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па заяве Лапцэвіча на супрацьзаконныя дзеянні грамадзян Калеснікава і Кісцянёва адмяняліся пяць разоў. Двойчы яны былі адмененыя пракуратурай, двойчы — судом і адзін раз — кіраўніцтвам Магілёўскага МАСК. Тры апошнія пастановы Следчага камітэта былі вынесеныя старэйшым следчым Аляксандрам Лескаўцом.

У звароце Лапцэвіч прасіў адміністрацыю прэзідэнта прыцягнуць следчага Лескаўца да дысцыплінарнай адказнасці за непрафесійныя дзеянні пры правядзенні дадатковых праверак і абавязаць Магілёўскі МАСК правесці якасную ўсебаковую, поўную, аб'ектыўную і аператыўную дадатковую праверку па заяве журналіста, вынікі якой яму не давядзецца абскарджваць у судзе.

Спадар Раманаў напісаў журналісту, што зараз дадатковая праверка праводзіцца ў чарговы раз і пра яе вынікі Лапцэвічу паведамяць дадаткова.

Між тым сам Уладзімір Лапцэвіч адзначае, што супрацоўнікі Следчага камітэта зноў парушаюць беларускае заканадаўства.

“Мінуў ужо месяц ад адмены пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні справы, а на дадатковую праверку даецца 10 дзён. Пэўна, прыйдзецца ў пракуратуру пісаць», — распавёў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу журналіст.

Нагадаем, што яшчэ 9 красавіка 2017 года супрацоўнік Ленінскага райвыканкама Магілёва Канстанцін Кісцянёў і ўчастковы інспектар міліцыі Сяргей Калеснікаў не пусцілі ў залу пасяджэнняў райадміністрацыі журналіста агенцтва БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча. У памяшканні павінен быў адбыцца сход чальцоў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”, ініцыяваны раённымі ўладамі. Чальцы кааператыва хацелі, каб пасяджэнне прайшло галосна, і запрасілі на сход карэспандэнта БелаПАН.

Журналіст лічыць, што чыноўнік і міліцыянт парушалі артыкулы 426 і арт. 198 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы і перашкаджалі законнай прафесійнай дзейнасці журналіста. Увесь гэты час Уладзімір Лапцэвіч дабіваецца прыцягнення чыноўніка і міліцыянта да адказнасці.

Некалькі разоў Лапцэвіч звяртаўся з адпаведнымі заявамі ў Следчы камітэт, але атрымліваў адтуль толькі адмовы. Пастановы следчых журналісту даводзілася абскарджваць у судзе Ленінскага раёна Магілёва, які іх адмяняў і накіроўваў для правядзення дадатковага расследавання назад у Следчы камітэт.

Пасля скаргаў Лапцэвіча за неналежнае выкананне сваіх службовых абавязкаў раней ужо былі прыцягнуты да адказнасці супрацоўнікі міліцыі і следчага камітэта, якія праводзілі праверку.

Каментары