251

Пасля ператрусу істотна ўскладнілася журналісцкая дзейнасць рэдакцыі Newgrodno.by

04.02.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Распачатыя 29 студзеня 2020 г. следчыя дзеянні ў дачыненні інфармацыйнага анлайн-выдання Newgrodno.by грунтоўна паўплывалі на працу рэдакцыі.

“У выніку істотна пагоршыліся тэхнічныя ўмовы для стварэння інфармацыйных матэрыялаў і размяшчэння публікацый на партале ў тым жа аб’ёме, які быў раней”, — паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам Службы маніторынгу ГА “БАЖ” рэдактар партала Ігар Рэмзік (Бублікаў).

Паводле Ігара Рэмзіка, на сёння рэдакцыя вымушаная выкарыстоўваць  аргтэхніку, якая па сваіх тэхнічных характарыстыках значна саступае забранай сілавікамі.

29 студзеня двое супрацоўнікаў у цывільным з Ленінскага РАУС Гродна пры падтрымцы байцоў АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама прыйшлі ў рэдакцыйнае памяшканне Newgrodno.by, каб “правесці агляд”. Ператрус доўжыўся прыблізна паўгадзіны, у выніку з працоўнага месца быў выняты сістэмны блок камп’ютара.

Рэдактар выдання паведаміў, што ўсе следчыя дзеянні здзяйсняліся з санкцыі пракурора. Паводле яго слоў, сілавікі паводзілі сябе карэктна. Сістэмны блок перад выйманнем апячаталі, пры гэтым міліцыянты запэўнілі, што на экспертызу накіроўваць не будуць, але да суда ён нібыта будзе знаходзіцца ў іх.

У дачыненні Ігара Рэмзіка міліцыянты склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі).

У выпадку прызнання судом вінаватасці рэдакцыям (юрыдычным асобам) пагражае канфіскацыя тэхнікі і штраф да 500 базавых велічыняў (да 14500 руб.), а фізычным асобам прымяненне санкцый ажно да адміністрацыйнага арышту.

Фармальнай прычынай для адміністрацыйнага пераследу стала публікацыя на партале Newgrodno.by ад 17 жніўня 2020 г. У гэтым матэрыяле была агрэгаваная інфармацыя з сайта дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА і размешчанае відэа з папулярнага Telegram-канала, які ўвосень 2020 г. быў прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.

Падобны “агляд памяшкання” 29 студзеня быў праведзены і ў рэдакцыі гродзенскага анлайн-выдання Hrodna.life. Там міліцыянты вынялі ўсю аргтэхніку, флэш-носьбіты інфармацыі, чатыры фотаапараты, а таксама квадракоптар і друкаваную прадукцыю.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!