347

Пасля наведвання ўрача ў Брэсце затрыманы блогер Аляксандр Кабанаў

15.06.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Падчас цяперашняй выбарчай кампаніі Аляксандр Кабанаў з'яўляецца прэс-сакратаром ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Паводле слоў відавочцаў, 15 чэрвеня Аляксандру Кабанаву, які нядаўна хварэў на COVID-19, патэлефанавалі з паліклінікі і паведамілі пра неабходнасць прыйсці да лекара. Блогер меркаваў, што гэты выклік з'яўляецца правакацыяй, але ўсё ж паехаў у медустанову.

На выхадзе з паліклінікі Аляксандра Кабанава паспрабавалі затрымаць супрацоўнікі міліцыі, аднак адразу гэта зрабіць не ўдалося: затрыманне адбылося крыху пазней.

Аляксандр Кабанаў, які апошнімі днямі выконваў рэжым самаізаляцыі, цяпер дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.

Яшчэ падчас знаходжання ў лякарні Аляксандр Кабанаў не выключаў, што пасля выпіскі яго таксама чакае суд. Блогер распавёў, што некаторы час каля яго палаты знаходзіліся міліцыянты. З чым гэта звязана, Аляксандр Кабанаў не ведае, а лекары яму нічога не тлумачылі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!