НЕ - ВАЙНЕ!
952

Паручальніцва за свабоду #2: “Рэпарцёры без межаў” разблакавалі яшчэ шэсць сайтаў

14.03.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

12 сакавіка, у Міжнародны дзень супраць цэнзуры ў інтэрнэце, “Рэпарцёры без межаў” запусцілі праект Collateral Freedom #2, разблакаваўшы доступ да вэб-сайтаў у пяці краінах і анансаваўшы датасаванне RSF Censorship Detector app.

Праект працягвае мінулагоднюю акцыю Collateral Freedom #1, у межах якой было разблакавана 11 вэб-сайтаў у краінах – “ворагах інтэрнэту”. Сёлета былі разблакаваныя шэсць сайтаў: Radio Free Asia і Defend the Defenders (В’етнам), Sarawak Report (Малайзія), Boxun (Кітай), Sendika.org (Турцыя) і Еўрапейская арганізацыя Саудаўскай Аравіі за правы чалавека” (Саудаўская Аравія).

Аперацыя заснаваная на тэхналогіі “люстэрак”: ствараецца копія сайта на воблачным сервісе буйной інтэрнэт-кампаніі (напрыклад, Fastly, Amazon, Microsoft альбо Google). У выпадку блакавання ўрадам давядзецца заблакаваць і асноўныя паслугі гэтых кампаній. Такая “дадатковая” эканамічная і палітычная шкода (collateral damage) наўрадці можа быць апраўдана.

Таксама ў гэтым годзе “Рэпарцёры” анансуюць дастасаванне, распрацаванае адмыслова для гэтага праекта. Датасаванне працуе як пашырэнне для браўзэра Google Chrome і ажыццяўляе доступ да люстэркавых версій заблакаваных сайтаў. Пры заходзе на такі сайт, карыстальнік бачыць уключаны чырвоны значок датасавання RSF Censorship Detector. Клікнуўшы на яго, карыстальнік будзе аўтаматычна перанакіроўвацца на люстэрка заблакаванага сайта.

У мінулым дадзены праект апрацаваў больш за 64 мільёны запытаў і забяспечыў месца для больш чым 587 GB дадзеных. Спіс люстэркаў пастаянна абнаўляецца на github.com.

Нагадаем, што ў 2015 годзе Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да 41 інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурса. Да 18 сайтаў меру ўжылі за распаўсюд інфармацыі, накіраванай на рэалізацыю наркатычных рэчываў. Два рэсурсы “адключылі” за табуяваную лексіку, пяць — за неналежную рэкламу лекаў, адзін — за прапаганду дзіцячай парнаграфіі, адзін — за распаўсюд інфармацыі, якая можа нанесці шкода нацыянальным інтарэсам, тры — за рэкламу алкагольных напояў, 11 — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Да чатырох з заблакаваных летась сайтаў доступ быў адноўлены.

У 2016 годзе Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да пяці інфармацыйных рэсурсаў, скіраваных на незаконны абарот наркотыкаў.

Cхема абмежавання доступу да рэсурсаў у Байнэце

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!