428 0

Партызанскія газеты, якія выдаваліся на Слонімшчыне, перадалі ў Музей Перамогі Масквы

06.11.2017 Крыніца: Жанна Плешко для baj.by

Жыхарка Саратава Алена Чысцякова прывезла ў Маскву ў Музей Перамогі падшыўку газет, якія выдаваліся ў партызанскім атрадзе імя Панамарэнкі, што дзейнічаў у 1943-44 гадах на тэрыторыі Слонімскага раёна. Мама і бабуля Алены Чысцяковай знаходзіліся ў гэтым партызанскім атрадзе і выконвалі абавязкі рэдактара і наборшчыцы.

Газеты, якія выдаваліся на Слонімшчыне ў партызанскім атрадзе

Паводле ўспамінаў жанчыны, яе мама Лія Іванаўна Чысцякова, да замуства Буканава, усё жыццё беражліва захоўвала гэтыя газеты, часта пераглядала папку, у якой яны былі складзены, і ўспамінала пра тыя далёкія гады.

Лію і яе сям’ю вайна застала на беларускай зямлі недалёка ад мяжы. Мама Ліі, Кацярына Буканава, жонка савецкага афіцэра, спачатку была сувязной партызанскага атрада, а затым пайшла ў лес да партызанаў. Яе, як дырэктара школы, адразу прызначылі рэдактарам партызанскай газеты. А 14-гадовай Ліі далі шанец і ўзялі наборшчыцай у друкарню, дзе яна асвоіла ручны набор за некалькі дзён.

Пры святле капцільні выдаваліся лістоўкі, аператыўныя зводкі Саўінфармбюро і дзве газеты — "За Радзіму" (на рускай мове) і "Вольная праца" (на беларускай мове).

Як расказала Алена Чысцякова, газету друкавалі на паперы, якую партызанам удавалася дастаць, яе наклад разыходзіўся ў іншыя партызанскія атрады і ў акупаваных вёсках. Нярэдка паштальёнам станавілася і яе маці.

Бабуля і матуля Алены Чысцяковай

Газета “Вольная праца” выдавалася на Слонімшчыне яшчэ да вайны. Яе першы нумар выйшаў 26 верасня 1939 года. З 1962 года выданне стала раённай газетай "За перамогу камунізму", а цяпер гэта раённая газета "Слонімскі веснік".

Фота з сайта Музея Перамогі

Каментары