Відэа

Партрэты забітых беларускіх журналістаў – у цэнтры Кіева (шмат фота, дадалося відэа)

24.11.2013 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" 4664
Прадстаўнікі ГА “БАЖ” узялі ўдзел у “Маршы супраць беспакаранасці”, які адбыўся ў Кіеве 23 лістапада на знак памяці пра калег, якія загінулі за выкананне свайго прафесійнага абавязку.

Некалькі дзесяткаў чалавек з партрэтамі забітых калег і плакатамі “Пакласці канец беспакаранасці. Справядлівасці – цяпер!”, “Журналісты – не тэрарысты” прайшлі па перкарытым для транспартнага руху Крашчаціку – галоўнай вуліцы Кіева – да Майдана Незалежнасці і назад.

У маршы ўзялі ўдзел прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі журналістаў (МФЖ) Джым Бумела, іншыя прадстаўнікі МФЖ і ЕФЖ, кіраўніцтва журналісцкіх саюзаў Расіі, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Малдовы, Македоніі, Сербіі, Харватыі, Турцыі, іншых краін.

Тэматычны круглы стол, прысвечаны тэме беспакаранасці, адбыўся напярэдадні маршу ў Нацыянальным саюзе журналістаў Украіны. Ён распачаўся з відэазвароту Міраславы Гангадзэ – удавы забітага украінскага журналіста Георгія Гангадзэ. “Мы павінныя патрабаваць расследавання ўсіх забойстваў і не маўчаць, бо кожны з нас можа апынуцца на іх месцы. Толькі праз падтрымку адзін аднаго мы прымусім тых, хто ва ўладзе, паважаць нас”, – зазначыла Міраслава.

“Забойства стала самым простым і танным спосабам прымусіць замаўчаць журналіста, – канстатаваў прэзідэнт МФЖ Джым Бумела. – Колькасць загінулых калег – гэта проста статыстыка. Але для сяброў і сваякоў кожная смерць – асабістая трагедыя. За апошнія 15 гадоў працэнт расследаваных спраў застаецца нязменным – каля 18-19 % ад агульнай колькасці. Гэта адбываецца ў першую чаргу з-за адсутнасці палітычнай волі для правядзення паўнавартаснага следства”.

Па словах віцэ-прэзідэнткі ЕФЖ, сакратаркі Саюза журналістаў Расіі Надзеі Ажгіхінай, “культура беспакаранасці – гэта бяда не толькі нашай прафесіі, але і ўсяго рэгіёну”. Каб рушыць наперад і будаваць больш цывілізаваную Еўропу, трэба дамагацца пакарання злачынцаў, прычым не толькі ў сваіх краінах . “Гэта ілюзія – што, калі, бепакаранымі застаюцца забойцы ў Турцыі, то мяне гэта не тычыцца”.

«Забойствы – гэта вяршыня айсберга. Між тым, культура беспакаранасці пранізвае ўсё наша грамадства. Беспадстаўныя затрыманні, збіццё журналістаў – яскравыя праявы гэтай «культуры», – адзначыў намеснк старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец. – Самае прыкрае, што за большасцю выпадкаў гвалту з дачыненні да нашых калег стаяць праваахоўныя органы, якія мусяць забяспечваць нашу абарону. Нам трэба сур'ёзна падумаць пра тое, якія механізмы маглі б змяніць такую сітуацыю».

“Кожнае забойства пачынаецца з пагроз. Таму нам трэба засяродзіцца на прэвентыўных захадах”, – перакананая Надзея Ажгіхіна.

Мерапрыемствы да Сусветнага дня барацьбы з беспакаранасцю праходзяць у межах канферэнцыі на тэму бяспекі і правоў журналістаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, што праходзіць 21-23 лістапада ў Кіеве пад эгідай Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў. Суарганізатарамі акцыі сталі Нацыянальны саюз  журналістаў Украіны і Незалежны медыяпрафсаюз Украіны.