214

Партал Tut.by выдаліў з сацыяльных сетак усе свае пасты за апошнія паўтара года

28.06.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Інтэрнэт-партал Tut.by выдаліў з агульнага доступу ў сваіх сацыяльных сетках пасты за ўвесь 2020 год і за першую палову 2021 году, а таксама адмовіўся ад адзнакі вэрыфікацыі ў Telegram .

У рэдакцыі ўдакладнілі, што хочуць засьцерагчы супрацоўнікаў выданьня і чытачоў у сувязі з пазовам аб прызнаньні матэрыялаў Tut.by экстрэмісцкімі ў Беларусі.

Выдаленьне пастоў і адзнакі вэрыфікацыі выклікала асьцярогі, што рэдакцыя Tut.by страціла доступ да сацыяльных сетак выданьня.

Каманда Tut.by запэўніла, што захоўвае доступ да каналу. «У нас ёсьць ўвесь архіў схаваных і выдаленых пастоў. Гэтая інфармацыя ня страчаная назаўсёды. Людзі, якія цяпер вядуць канал, знаходзяцца за мяжой, спробаў узлому не было», — гаворыцца ў паведамленьні.

У рэдакцыі Tut.by таксама патлумачылі выдаленьне пазнакі вэрыфікацыі з акаўнту каналу ў Telegram неабходнасьцю мець магчымасьць хутка перайменаваць яго ў выпадку прызнаньня экстрэмісцкім, каб засьцерагчы і аўтараў, і чытачоў. «Зрабіць гэта за пару хвілінаў пасьля рашэньня суду нельга, мы вырашылі падрыхтавацца загадзя», — адзначылі ў выданьні.

18 траўня сайт Tut.by быў заблякаваны, а рахункі кампаніі замарожаныя. Супраць кіраўнікоў Tut.by распачалі крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў. У рамках яе затрымалі 15 чалавек, зьвязаных з выданьнем.

У сярэдзіне чэрвеня МУС Беларусі запатрабавала прызнаць экстрэмісцкімі матэрыялы Tut.by і сацыяльных сетак выданьня. 24 чэрвеня суд павінен быў вынесьці рашэньне, але разгляд пазову МУС быў прыпынены на нявызначаны тэрмін.

Tut.by і зьвязаныя зь ім рэсурсы — найбуйнейшы інтэрнэт-холдынг ў краіне. У сьнежні ў яго адклікалі ліцэнзію СМІ — з прычыны папярэджаньняў, атрыманых падчас асьвятленьня пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!