
Беларускім заканадаўствам прадугледжана спецыфічная пазасудовая форма санкцый у дачыненні да СМІ – пісьмовыя папярэджанні, якія выносіць на іх адрас Міністэрства інфармацыі.
У адпаведнасці са артыкулам 49 Закона "Аб сродках масавай інфармацыі», Міністэрства інфармацыі мае права выносіць папярэджанне ў дачыненні да СМІ або інтэрнэт-рэсурсу ў выпадку:
- ажыццяўлення дзеянняў, якiя супярэчаць патрабаванням закона, у тым ліку давядзенне да ўсеагульнага ведама інфармацыі, распаўсюд якой абмежаваны або забаронены;
- распаўсюду недакладнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўнаму або грамадскім інтарэсам;
- вытворчасці і (або) распаўсюду прадукцыi сродку масавай інфармацыі без дазволу галоўнага рэдактара (рэдактара) сродку масавай інфармацыі;
- распаўсюду звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю фізічных асобаў альбо дзелавую рэпутацыю юрыдычных асобаў.
Як правіла, папярэджанні выносяцца незалежным выданням, што можа пацягнуць для іх сур'ёзныя негатыўны наступствы. Законам прадугледжана, што СМІ можа быць закрыты па рашэнні суда пры наяўнасці на працягу года двух і больш папярэджанняў Міністэрства інфармацыі на адрас рэдакцыі ці яе заснавальніка, а таксама пасля двух папярэджанняў пракуратуры на адрас службовых асобаў рэдакцыі.
Пагроза закрыцця выданняў з прычыны атрымання папярэджання можа прыводзіць да ўсталявання ў рэдакцыях рэжыму самацэнзуры.
Выпуск СМІ можа быць спынены па пазове Міністэрства інфармацыі або пракурора. Такога роду пазоў можа падавацца на працягу шасці месяцаў пасля вынясення папярэджання незалежна ад падставы, на якой яны вынесеныя. Гэта значыць, што калі, напрыклад, у выходных дадзеных выдання двойчы на працягу года будуць заўважаныя нейкія недакладнасці, то яго можна закрыць.
Зварот з пазовам аб спыненні выпуску СМІ з'яўляецца не абавязкам, а правам гэтых органаў. У 1997 годзе па пазове Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку (папярэднік Міністэрства інфармацыі) была закрытая газета «Свабода», у 2001 годзе па пазове пракуратуры Гродзенскай вобласці – газета «Пагоня», а ў 2006 па пазове Міністэрства інфармацыі – газета «Згода». Хоць органы, якія рэгулююць дзейнасць СМІ, звяртаюцца да крайніх мераў параўнальна рэдка, пагроза «закрыцця» увесь час цісне на беларускія медыя, аказваючы на іх паралізуючы эфект. Напрыклад, у 2011 годзе дзве вядучыя беларускія недзяржаўныя газеты – «Наша Ніва» і «Народная воля» – знаходзіліся пад пагрозай закрыцця і ледзь не перасталі выходзіць. З-за таго, што адна з іх мела тры, а другая – чатыры папярэджанні, Міністэрства інфармацыі звярнулася ў Вышэйшы гаспадарчы суд з пазовамі аб іх закрыцці. На шчасце, пад ціскам грамадскасці Міністэрства інфармацыі свае пазовы з суда адклікала, і рэдакцыі былі прыцягнутыя да адміністрацыйна адказнасці ў выглядзе буйнога штрафу.
А вось радыёстанцыі «Аўтарадыё» пашанцавала менш: тады ж, у 2011, па рашэнні Міністэрства інфармацыі яна была пазбаўленая права на вяшчанне – нібыта за публічны заклік да экстрэмізму. Так была расцэненая фраза аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты, якая прагучала ў перадвыбарнай рэкламе: «Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».
Вынясенне папярэджання Міністэрства інфармацыі – даволі распаўсюджаная з'ява. Толькі на працягу 2011 года было вынесена 83 папярэджанні на адрас 67 СМІ. 2015-ы адзначыўся вынясеннем цэлага шэрагу папярэджаннў Міністэрства інфармацыі "ў рамках кантролю за выкананнем заканадаўства". Было вынесена больш за 20 пісьмовых папярэджанняў за «недакладнасці» ў выходных дадзеных – у прыватнасці, за тое, што было «не ўказана афіцыйна ўстаноўленае найменне рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі, які зарэгістраваў дадзенае друкаване СМІ». Мелася на ўвазе ўжыванне словазлучэння «Міністэрства інфармацыі РБ» замест «Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь». У спісе «папярэджаных» выданняў апынуліся «Газета Слонімская», «Intex-Press», «Ганцавіцкі час», «Борисовские новости», «Рекламный Баржоми», «Новы час», «Наш край» і іншыя.
Масавае вынясенне папярэджанняў друкаваным выданням, якое ставіць іх пад пагрозу закрыцця ў год прэзідэнцкіх выбараў, накіраванае на стварэнне ў медыясферы атмасферы самацэнзуры.