519

Пан Гі Мун: СМІ з'яўляюцца нашымі вачамі і вушамі

03.05.2016 Крыніца: Захар Шчарбакоў, БелаПАН

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый занепакоеная тым, што сродкі масавай інфармацыі ў многіх краінах сутыкаюцца з усё большымі перашкодамі ў ажыццяўленні сваёй прафесійнай дзейнасці, гаворыцца ў заяве генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна да Сусветнага дня свабоды прэсы, які адзначаецца 3 мая.

"Я вельмі занепакоены павелічэннем у многіх краінах перашкод, з якімі сутыкаюцца супрацоўнікі СМІ, — сказана ў заяве, тэкст якой апублікаваны на афіцыйным сайце ААН. — Абмежаванне свабоды слова — гэта кайданы для самога прагрэсу. У Сусветны дзень свабоды прэсы я заклікаю ўсе ўрады, палітыкаў, бізнесменаў і грамадзян спрыяць незалежнай і свабоднай прэсе і абараняць яе. Без гэтых фундаментальных правоў людзі будуць менш свабоднымі і слабымі. З імі ж мы можам працаваць разам на ўсеагульнае дабро".

Пан Гі Мун адзначае, што "сёння журналісты занадта часта знаходзяцца пад пагрозай і пераследуюцца, ім чыняць перашкоды і нават забіваюць, калі тыя спрабуюць здабыць інфармацыю". "Многія з іх пакутуюць у зняволенні, утрымліваюцца ў жахлівых умовах за спробу праліць святло на памылкі ўрадаў, злачынствы карпарацый і сацыяльныя праблемы", — канстатуе ён.

Кіраўнік ААН падкрэслівае, што выкананне правоў чалавека, развіццё дэмакратычных грамадстваў і ўстойлівае развіццё ў цэлым наўпрост залежаць ад свабоднага распаўсюду інфармацыі, а права на атрыманне інфармацыі залежыць ад свабоды прэсы. "Кожны год мы адзначаем гэты дзень, каб у чарговы раз звярнуць увагу на гэтыя асноватворныя прынцыпы, стаць на абарону незалежнасці прэсы і аддаць даніну павагі тым супрацоўнікам СМІ, якія рызыкавалі сваім жыццём і пазбавіліся яе, выконваючы свой абавязак", — гаворыцца ў заяве.

Пан Гі Мун таксама нагадаў, што сёлета Сусветны дзень свабоды прэсы супаў з юбілеем трох важных падзей — 250-годдзем першага ў свеце закона аб інфармацыі, які дзейнічаў на тэрыторыі сённяшніх Швецыі і Фінляндыі, 25-годдзем прыняцця Віндхукскай дэкларацыі аб прынцыпах свабоды прэсы, а таксама першай гадавінай выканання мэт устойлівага развіцця.

Свабодны распаўсюд інфармацыі і сама свабода прэсы неабходныя ў тым ліку для таго, каб людзі маглі патрабаваць ад лідараў адказнасці за выкананне абавязацельстваў, якія тыя на сябе ўзялі, адзначае Пан Гі Мун. "СМІ, уключаючы інтэрнэт-СМІ, якія ўсё больш набіраюць абароты, з'яўляюцца нашымі вачамі і вушамі. Усе мы выйграем ад інфармацыі, якую яны падаюць", — падкрэсліваецца ў заяве.

Між тым Беларусь па-ранейшаму адносіцца да ліку краін з найгоршымі паказчыкамі ў сферы свабоды СМІ.

Так, згодна з апошняй справаздачай, якую днямі апублікавала міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House, Беларусь атрымала статус "краіны з несвабоднай прэсай" і ўвайшла ў дзясятку краін з найгоршай сітуацыяй у сферы свабоды прэсы. Горш, чым у Беларусі, на думку Freedom House, ідуць справы толькі ў Паўночнай Карэі, Туркменістане, Узбекістане, Крыме і Эрытрэі.

У сваю чаргу міжнародная няўрадавая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" змясціла Беларусь на 157-е месца са 180 у Індэксе свабоды прэсы за 2016 год.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!