НЕ - ВАЙНЕ!
2038

Памёр журналіст Вітаўт Мартыненка

17.04.2016 Крыніца: Паводле svaboda.org

Яму было 56 гадоў, ён адышоў пасля шматгадовага змагання з цукровым дыябетам.  Як паведаміў Радыё Свабода сябра памерлага Анатоль Мяльгуй, гэта адбылося 17 красавіка.

Вітаўт Мартыненка нарадзіўся 29 верасня 1959 года ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, факультэт журналістыкі.

З 1983 да 1994 працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара моладзевай ґазеты «Чырвоная змена», рэдагаваў музычную рубрыку «Мелодыя» (з 1986 — «Нотны аркуш»). З 1989 да 1995 быў карэспандэнтам мюнхенскай рэдакцыі радыё «Свабода», арґанізаваў там і праводзіў беларускі музычны хіт-парад. З 1994 да 1997 працаваў намеснікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Кинонеделя Минска».

У 1985 разам з сябрам і музычным крытыкам Анатолем Мяльгуем быў сярод стваральнікаў незалежнага музычнага рок-клубу «Няміга», які ў 1987-м стаў калектыўным сябрам каардынацыйнай рады моладзевых нефармальных суполак. У канцы 1980-х — удзельнік «Талакі», «Тутэйшых».

У 1988 стварыў у камсамольскай ґазеце «Чырвоная змена» адну з першых груп падтрымкі БНФ.

Аўтар музыказнаўчых кніг «Праз рок-прызму» (1989, New York, разам з А. Мяльгуем), «222 альбомы беларускага року і не толькі» (2006, Мінск, разам з А. Мяльгуем), «Rock on-line» (2010, Мінск).

Выдаў таксама ў сваёй рэдакцыі з прадмовай і каментарамі беларускі пераклад рамана Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis» (2002) і асобным выданнем поўны тэкст названай прадмовы — «Свой сярод чужых (кантэксты, гістарычныя і лінґвістычныя асаблівасці беларускага перакладу ксяндза П. Татарыновіча)» (2003).

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!