233

Памёр Валер Шчукін

11.10.2020 Крыніца: Радыё Свабода

10 кастрычніка памёр сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, праваабаронца Валер Шчукін. Валеру Шчукіну было 78 гадоў.

1 верасьня Валера Шчукіна ў цяжкім стане паклалі ў вайсковы шпіталь у Менску пасьля рэзкага пагаршэньня здароўя. Тады ён казаў Свабодзе, што і са шпіталя працягвае сачыць за сытуацыяй у краіне, і гэтак пракамэнтаваў падзеі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня:

«Думаю, мы пераможам: пратэсты не сьціхаюць, іх сацыяльная база пашыраецца, вось толькі каб страляніны не было. Лукашэнка вунь з аўтаматам ужо бегае. Як кадравы афіцэр я ведаю, што гэта азначае: пагрозу людзям, спробу іх прыстрашыць. Так, зь яго ўжо сьмяюцца, людзі ўсё менш яго баяцца, але ўсё ж паводле закону жанру на трэці раз зброя можа стрэліць. Гэтага нельга выключаць, трэба сьцерагчыся», — сказаў Валер Шчукін у адрас дэманстрантаў.

Валер Шчукін нарадзіўся 22 сакавіка 1942 году ва Ўладзівастоку. Скончыў Ленінградзкую вышэйшую вайскова-марскую інжынэрную вучэльню. 27 гадоў служыў у флёце. Капітан другога рангу. Школу скончыў у Менску, адсюль і прызвалі ў войска, таму па заканчэньні службы вярнуўся ў Менск.

Дэпутат Вярхоўнага Савету XIII скліканьня. Ад 1996 па 2003 год жыў у Полацку. Быў выключаны з Партыі камуністаў Беларускай. Яго шмат разоў затрымлівала міліцыя, суды каралі яго штрафамі і арыштамі за ўдзел у апазыцыйных акцыях.

У 2001 годзе адседзеў тры месяцы ў Жодзінскай турме за непадпарадкаваньне ахоўнікам і пабітае шкло ў будынку Міністэрства ўнутраных спраў.

Сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту, ганаровы сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. займаўся праваабарончай дзейнасьцю.

У Валера Шчукіна сын і дачка, а таксама сямёра ўнукаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!