307

Памёр старшыня БХК Алег Гулак

16.12.2022 Крыніца: Радыё Свабода

Гэтую інфармацыю пацьвердзілі Свабодзе ягоныя калегі. Старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту было 55 гадоў. Прычыны сьмерці пакуль не пацьверджаныя.

Алег Гулак нарадзіўся 1 верасьня 1967 году ў пасёлку Жылічы на Магілёўшчыне ў беларуска-ўкраінскай сям’і сельскіх настаўнікаў. Скончыў Жыліцкую сярэднюю школу, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «правазнаўства».

З 1990 па 1996 год ён працаваў юрысконсультам шэрагу арганізацыяў (сярод іншых – завод «Камэртон» у Пінску). З 1996 году – у Беларускім Хэльсынскім камітэце: браў удзел у стварэньні пінскай суполкі, з 1997 году юрыст, затым выканаўчы дырэктар, з 2007 году намесьнік старшыні, з 2008 году старшыня.

Як грамадзкі абаронца Гулак ўдзельнічаў у дзясятках судовых справаў, грамадзкіх дзеяньняў па абароне людзей, якія сталі ахвярамі парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

Незадоўга да сьмерці ў гутарцы са Свабодай Алег Гулак падвёў вынікі 2022 году ў сфэры правоў чалавека. «Мы не заўсёды можам ацаніць маштабы рэпрэсіяў: часта людзі баяцца, што галоснасьць што да іх перасьледу можа ім пашкодзіць», — казаў ён.

БАЖ выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім нашага агульнага калегі. У гэта немагчыма паверыць...

«Немагчыма адрозьніць пародыю ад чарговага "прабіваньня дна"». Вынікі году. Апошняе інтэрв'ю Алега Гулака

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!