29 кастрычніка 2015 года інфармагенцтва БЕЛТА са спасылкай на КДБ Беларусі паведамляла пра затрыманне злачыннай групы, чальцы якой тры гады праслухоўвалі памяшканні, тэлефонныя перамовы Skype, Viber і WhatsApp дзяржаўных чыноўнікаў, супрацоўнікаў МУС, МНС, а таксама журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.
Тады многія людзі называлі інфармацыю сенсацыяй і чакалі гучнага судовага працэсу над затрыманымі, змешчанымі ў СІЗА. Аднак больш чым праз год даведацца, на якім этапе знаходзіцца расследаванне і ці сапраўды злачынцаў чакае суд, так і не ўдалося.
Першы намеснік старшыні КДБ Ігар Сергяенка ў адказе на зварот ГА “БАЖ” паведаміў, што дадзеныя папярэдняга следства не распаўсюджваюцца.
Паведаміць хоць нейкія акалічнасці справы адмовіўся па тэлефоне і афіцыйны прадстаўніка камітэта Дзмітрый Пабяржын. У сувязі з гэтым некаторыя эксперты мяркуюць, што гучная справа можа так і не дайсці да суда. У любым выпадку ГА “БАЖ” будзе сачыць за гісторыяй.