1165

Памерла вярстальніца «Arche» Яўгенія Пліска. Ёй было 33 гады

23.06.2016 Крыніца: nn.by

Памерла вярстальніца часопіса «Arche» і іншых беларускіх выданняў Яўгенія Пліска. Ёй было 33 гады.

«Гэты нумар [часопіса] — апошні, які пачынала вярстаць (але так і не скончыла) наша нязменная супрацоўніца на працягу пяці гадоў Яўгенія Пліска, выдатны прафесіянал і ўвогуле цудоўная ва ўсіх адносінах дзяўчына. Выхад нумара ў свет толькі на пару дзён размінуўся з днём яе смерці ад цяжкой невылечнай хваробы. Хай ёй ТАМ будзе добра. А нам ТУТ будзе вельмі яе не хапаць», — напісаў у сваім фэйсбуку намеснік галоўнага рэдактара, гісторык Алесь Пашкевіч.

Яўгенія захварэла на рак у канцы мінулага года. Хваробу выявіла на позняй стадыі, і яна не паспела нават прайсці хіміятэрапію.

Яна была дачкой аднаго з заснавальнікаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, палітолага, юрыста Міхаіла Пліскі.

Толькі ў Arche праз яе рукі прайшло 35 кніг і выпускаў, а колькі ў іншых выдавецтвах. Яна была адным са сціплых анёлаў беларускай культуры.

Выказваем спачуванні родным і калегам Яўгеніі.
 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!