НЕ - ВАЙНЕ!
511

Палітзняволеную журналістку Ксенію Луцкіну асудзілі на 8 гадоў калоніі

28.09.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Мінскі гарадскі суд агучыў вердыкт па справе экс-журналісткі  Белтэлерадыёкампаніі, уладальніцы дзяржаўных прэмій за дасягненні ў прафесіі Ксеніі Луцкінай.

Тыдзень таму падчас спрэчак бакоў пракурор запатрабаваў для Луцкінай аналагічны тэрмін. 28 верасня суддзя Таццяна Фалькоўская, вядомая жорсткімі прысудамі ў палітычных справах, падтрымала бок абвінавачання ў поўным аб’ёме.

Працэс над былой супрацоўніцай дзяржаўнага тэлебачання пачаўся 1 верасня, да таго яна ўжо адбыла за кратамі больш за 20 месяцаў. За прамінулы час справа разраслася амаль да 70-ці тамоў.    

У сваім апошнім слове Ксенія Луцкіна прасіла суд аб літасці і гуманнасці. Казала, што найбольш на свеце хоча вярнуцца да малога сына, які мае патрэбу ў маці; нагадала пра хваробу і неабходнасць ў медыцынскай дапамозе спецыялістаў; запэўніла ў жаданні вярнуцца ў грамадства і прыносіць яму карысць словам і справай. Нават знайшла сілы пажартаваць, што трэба нарэшце прыбраць навагоднюю ёлку.

Ксенію Луцкіну затрымалі 22 снежня 2020 года, у адзін дзень з   супрацоўнікамі "Прэс-клуба". Спачатку ўсіх абвінавацілі ў нясплаце падаткаў, а калі летась у жніўні справу прэсклубаўцаў закрылі пасля пагашэння “магчымых страт”, ёй адзінай выставілі новы артыкул — “змова альбо іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады” (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса з максімальнай санкцыяй да 12 гадоў зняволення).   

Генеральная пракуратура Беларусі сцвярджала, што абвінавачаная нібыта “займалася стварэннем грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання, мэта якога — утойванне і скажэнне рэальных фактаў, эскалацыя пратэставай актыўнасці, стымуляванне расколу ў грамадстве, фармаванне ў людзей негатыўнай думкі аб дзейнасці дзяржорганаў”. 

Між тым, на перакананне калег Ксеніі Луцкінай, якія ў жніўні 2020 года сышлі з Белтэлерадыёкампаніі на знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў, уся “віна” яе ў тым, што асмелілася кінуць выклік сістэме. У цяперашніх умовах гэта прыраўноўваецца да “дзяржаўнай здрады”. Да таго ж, адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, што аўтаматычна патрабуе “сіметрычнага адказу”. Таму і прэсуюць па максімуму, канстатуюць яны.      

Ксенія Луцкіна нарадзілася 14 лютага 1984 года ў расійскай Пермі, дзе ў ракетнай вучэльні тады вучыўся яе бацька. Потым сям’я прыехала ў Беларусь, жылі ў Петрыкаве і Слуцку. У школе дзяўчына захаплялася гісторыяй, займала прызавыя месцы на вучнёўскіх алімпіядах. 

З чырвоным дыпломам скончыла гістарычны факультэт БДУ, а пазней і аспірантуру. Яшчэ больш заглыбіўшыся ў тэму, падала заяўку з уласным праектам на БТ, прайшла конкурсны адбор. У 2008-м, маючы ўсяго 24 гады, стала шэф-рэдактаркай студыі дакументальнага кіно. 

У межах аўтарскай праграмы Terra incognita ("Невядомая Беларусь")  зняла блізу паўтары сотні праграм, якія выходзілі кожную пятніцу, а таксама звыш двадцаці дакументальных фільмаў. За гэты цыкл яе каманда атрымала дзве нацыянальныя прэміі "Тэлевяршыня" — за найлепшую тэматычную распрацоўку і за найлепшы дызайн.

Яшчэ адну ганаровую статуэтку Ксенія Луцкіна заваявала за дакументальны міні-серыял да 30-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пад назвай "Зямля страчаная. Зямля здабытая". Гэты цыкл аўтарка прысвяціла сваёй бабулі-ліквідатарцы, якая атрымала вялікую дозу апраменьвання, захварэла на рак і памерла. 

Апошні праект "1418 дзён. Гісторыя перамогі" датаваны 2020 годам і прысвечаны Другой сусветнай вайне. У адным з лістоў на волю яна напісала пра пэўнае прароцтва той працы: маўляў, спачатку паказвала людзей у абставінах, перажыць якія не ўсім пад сілу, а цяпер сама апынулася на іх месцы. 

Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Ксенія Луцкіна далучылася да страйку калегаў, якія патрабавалі аб’ектыўнага асвятлення пратэстнай актыўнасці ў краіне. Неўзабаве звольнілася і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, узначаліўшы групу інфармацыйнага забеспячэння. 

Цягам 15 гадоў на Макаёнка,9 журналістка здымала дакументальныя фільмы і гістарычныя нарысы. І хоць ніколі не працавала з аператыўнымі навінамі, ад пачатку атаясамліваючы сябе ў навукова-асветніцкім і папулярным жанрах, урэшце стала фігуранткай палітычнай справы.  

Пасля змяшчэння ў СІЗА №1 у Ксеніі Луцкінай пачаліся праблемы са здароўем. Яшчэ ў 2014 годзе ёй зрабілі складаную неўралагічную апэрацыю — выдалілі дзве пухліны ў мозгу. Без адпаведнага нагляду ўтварэнне з’явілася зноў, ёй патрабуюцца моцнадзейныя лекі.  

Інкрымінаваны артыкул не дае асаблівых падставаў разлічваць на анансаваную амністыю.      

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Ксенію Луцкіну палітычнай зняволенай і запатрабавала спыніць мэтанакіраваны пераслед за іншадумства.   

Чытайце яшчэ:

Галоўнага рэдактара “Бобруйского курьера” асудзілі другі раз. Цяпер – на 14 сутак

Медыяменеджар Навоша: "У кожнага, хто выказаўся супраць крадзяжу выбараў, будуць адбіраць, што змогуць"

«Ты што, супраць прэзыдэнта пісаў?» — журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч пра вызваленьне з калёніі, жоўтыя біркі і ШЫЗА

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!