416

Палітзняволенаму журналісту Андрэю Пачобуту працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на 3 месяцы

25.08.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Нагадаем, Андрэй быў затрыманы ў сакавіку па так званай «справе палякаў».

Палітзняволены журналіст Андрэй Пачобут будзе знаходзіцца за кратамі яшчэ 3 месяцы, піша «Вясна». Раней ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, а таксама адмовіўся выяжджаць у Польшчу.

Вядома, што ў турме Пачобут захварэў на COVID-19, акрамя таго, ён мае праблемы з сэрцам.

Андрэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў медыцынскім унівэрсітэце, малодшы сын ходзіць у школу. Вядомы журналіст і грамадскі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.

У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных газетах Гродна «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газеце «Народная воля», газеце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёмана»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, звязанымі з гісторыяй спецслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміі Краёвай.

Панк, шахматыст, сядзеў за абразу Лукашэнкі: хто такі Андрэй Пачобут, якога затрымалі за «распальванне нацыянальнай варажнечы»

10 сакавіка сілавікі завялі крымінальную справу за правядзенне мерапрыемства ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасьці. Тады затрымалі сузаснавальніка школы, 43-гадовага берасцейца, і дырэктарку Ганну Панішаву. Пазней стала вядома пра вобшукі ў Лідзе, Ваўкавыску і затрыманнях Ірэны Бярнацкай і Марыны Цішкоўскай. 23 сакавіка ў Гродне затрымалі Анжаліку Борыс, а яшчэ праз два дні, 25 сакавіка, — Андрэя Пачобута. Дома ў Пачобута адбыўся вобшук, а журналіста затрымалі. Ён праходзіць у «польскай справе», якую Генеральная пракуратура завяла «за распальванне рэлігійнай і нацыянальнай варожасці» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Пачобут знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.

Усіх арыштаваных у «Польскай справе» праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Санкцыя крымінальнага артыкула прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!