237

Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына перавялі ў Магілёў на “ўзмоцнены рэжым”

31.01.2023 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Асуджанага на 13 гадоў і 1 месяц зняволення журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына этапавалі з турмы №1 Гродна ў папраўчую калонію №15 Магілёва, дзе для яго прадугледжаны “ўзмоцнены рэжым” адбыцця пакарання.   

Пра тое, што Дзяніс Івашын змяніў пенітэнцыярную “прыпіску”, ягоныя сваякі даведаліся толькі праз тыдзень напрыканцы мінулага тыдня – пры тым, як вынікае з афіцыйнага ліста, у Магілёў ён прыбыў 18 студзеня, выбыўшы з Гродна днём раней. 

У паведамленні на адрас сваякоў лаканічна распіваецца, якая сувязь са знешнім светам дазволена палітвязню цягам года:  

  • пасылкі (перадачы) – 3

  • бандэролі (дробныя пакеты) – 2

  • кароткатэрміновыя сустрэчы – 3

  • доўгатэрміновыя спатканні – 2

  • грашовыя пераводы і лісты – без абмежаванняў.  

Таксама рэкламуюцца выгоды “каланіяльнага” інтэрнэт-магазіна, на старонцы якога родзічы могуць дыстанцыйна зарэгістравацца і аддалена набыць неабходны пералік тавараў, якія будуць дастаўлены вязню. 

Акрамя таго, прыкладзены адмысловы дадатак, у якім тлумачыцца, на якія палёгкі ў аддаленай будучыні можа разлічваць Дзяніс Івашын.

Паколькі для “палітычных” амністыя не прадугледжваецца, застаецца спадзявацца або на замену часткі неадбытага пакарання больш “мяккай”, або на ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

У першым выпадку адлік пачынаецца праз 6 гадоў, а менавіта з 9 студзеня 2029-га; у другім – праз 7 гадоў, з 13 лютага 2030-га. 

“Яны шчыра вераць, што дажывуць на сваіх захопленых пасадах аж да 2029 года! — эмацыйна адрэагавала ў Facebook на прапанаваныя турэмныя “перспектывы” свайму мужу Вольга Івашына. — Вось у каго павучыцца аптымізму трэба! Ні ў чым не вінаваты чалавек мусіць камусьці даказваць, што ён "выправіўся" – Оруэл дакладна ня ў той час нарадзіўся. А яшчэ ёсьць сьмешны зварот да сваякоў, каб “паўплывалі” на Дзяніса — маўляў, мусіць іх слухацца. Але давайце нагадаем непаважаным, што дзеля таго, каб "паўплываць", мы мусім мець хоць  нейкую сувязь, чаго няма і невядома калі адновіцца. Дык хай спачатку свае абавязкі выконваць пачнуць сумленна”.

У згаданым Вольгай Івашынай ліставанні адміністрацыя магілёўскай ПК №15 сапраўды звяртаецца да сваякоў, каб тыя “аказалі станоўчы ўплыў на яго, а таксама дапамаглі яму ў кампенсацыі ўрону, нанесенага злачынствам”. 

Акрамя таго, кіраўніцтва калоніі выказвае здзіўленне, што ў асабістай справе наноўпрыбылага “пастаяльца” адсутнічае… яго пашпарт. І зноў звяртаецца да сваякоў, каб тыя паспрыялі “изысканию” дакумента і перадачы яго ў спецаддзел установы.   

“Самы вясёлы момант, — кпіць з допісу Вольга Івашына. — А мусіў бы адшукацца яшчэ 12 сакавіка 2021 года падчас ператрусаў, але ж "шукальнікі" дакумента не знайшлі. Прапаную выпісаць апэратыўнікам "прэмію" ў выглядзе вымовы ці што там у іх звычайна выносяць. І яшчэ нас просяць пашукаць пашпарт пасля тых апэратыўнікаў. Самім не смешна?”

Дзяніс Івашын — карэспандэнт газеты “Новы Час”, беларускі рэдактар валанцёрскай супольнасці InformNapalm. Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года: спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), а пазней дадалі яшчэ і “здраду дзяржаве”.

Верагодна, “апошняй кропляй” стала аўтарскае расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу “Настоящее время”.

Суд над Дзянісам Івашыным цягнуўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме. 14 верасня 2022-га суддзя Валерый Раманоўскі асудзіў журналіста на 13 гадоў і 1 месяц зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў. 

Пры канцы мінулага года 20 снежня Вярхоўны суд Беларусі разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд палітзняволенаму гродзенскаму журналісту і пакінуў вырак першай інстанцыі без задавальнення. 

Чытайце яшчэ:

Кіраўнік «Нівы» і Радыё Рацыя: «Маёй першай нацыянальнай школай была вясковая вуліца і лавачка»

В начале года независимые казахстанские журналисты столкнулись с поджогами машин, атаками на редакции и угрозами

После чисток на гомельском радио 107.4 FM новый руководитель

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!