425

Палітвязень Андрэй Скурко атрымлівае інсулін, піша вершы для сына

23.08.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Ужо 46 дзён у зьняволеньні знаходзіцца кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу «Нашай нівы» Андрэй Скурко. Напярэдадні ягоная жонка атрымала ад яго першы за два тыдні ліст.

Андрэй Скурко

Ліставаньне з палітвязьнем нерэгулярнае, ён спрабуе прыстасоўвацца да турэмных умоваў.

У лісьце, датаваным 17-га жніўня, Скурко піша, што пасылаў шмат допісаў, аднак у лісьце жонкі ўбачыў інфармацыю пра тое, што тая нічога не атрымлівала.

Андрэй піша, што займаецца ангельскай мовай, чытае Ключэўскага, Стывена Гокінга, у камэры ёсьць і падручнікі па праграмаваньні.

«Турма — гэта побытавы выклік. Набываю тут уменьні, якія ў жыцьці пасьля ніколі не прыдадуцца. Таксама гэта цікавы псыхалягічны досьвед. Калектыў з 15 чалавек адаптуецца да новых удзельнікаў, знаходзіць балянс. Усё гэта ў абстаноўцы нетрываласьці: любога могуць у найбліжэйшы час перавесьці. Тут многае адыходзіць на другі плян, напрыклад палітычныя погляды. Часам бываюць спрэчкі, але ў цэлым дзейнічае прынцып „галоўнае, каб чалавек быў добры“», — піша палітзьняволены журналіст.

З тэлевізара вязьні даведаліся аб прызнаньні парталу Tut.by экстрэмісцкім.

«Нядаўна ўсе разам глядзелі мультфільм пра смурфікаў. У цэлым мультфільмы тут добра заходзяць», — піша Андрэй.

Штодзень а 6-й ранку, 12-й дня, у 17:30 ды 21:30 вечара Скурко водзяць мераць цукар і калоць інсулін — у яго цяжкая форма дыябэту.

Палітвязень раней пісаў казкі, вершыкі і складаў сцэнары коміксаў для дзіцячых выданьняў, цяпер з камэры ён піша іх для свайго паўтарагадовага сына.

Андрэя Скурко арыштавалі 8 ліпеня. 13 дзён ён правёў на Акрэсьціна без матраца і халадзільніка для інсуліну.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!