1390

Пакуль журналістка спала, міліцыянту прымроілася незаконнае інтэрв’ю

24.04.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

24 красавіка суддзя Светлагорскага раёна Руслан Царук перанёс разгляд судовай справы гомельскай журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай з прычыны недарэчных абвінавачанняў у адміністрацыйным пратаколе.

Пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП склаў старшы лейтэнант міліцыі Алег Каўцэвіч. У ім паведамляецца, што 9 сакавіка а 8-й гадзіне раніцы Шчыракова незаконна інтэрв'юіравала жыхароў вёскі Якімава Слабада Светлагорскага раёна.

“Чарговы цырк. Дальбог, у гэты час я мірна спала ў сябе дома”, — зазначыла ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова, не стрымліваючы смеху.

Журналістку абвінавачваюць таксама ў тым, што відэаінтэрв'ю яна размясціла ў “Навінах” на польскім спадарожнікавым тэлеканале “Белсат”. Між тым, такой праграмы на тэлеканале не існуе.

Суддзя перанёс разгляд адміністрацыйнай справы на 27 красавіка, каб выклікаць з тлумачэннямі ў суд аўтара пратакола старшага лейтэнанта міліцыі Каўцэвіча.