1862

Паэтычны квэст, музыка і танцы — БАЖынкі-2017 прайшлі ў Вязынцы ШМАТ ФОТА

07.08.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сёлета традыцыйны фестываль "БАЖынкі" прайшоў на хвалі паэзіі і музыкі. Сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў запрасілі ў Вязынку на малую радзіму Янкі Купалы. Арганізатары фестывалю падрыхтавалі для яго ўдзельнікаў квэст па матывах творчасці Народнага паэта. Таксама гасцей чакалі лекцыя па "мове варожасці" ад украінскага эксперта Максіма Буткевіча, традыцыйныя танцы, спеўныя конкурсы ды шмат добрых эмоцый.

Варта сказаць, што тон фестывалю быў зададзены яшчэ на чыгуначным прыпынку "Вязынка" — гасцей сустракалі з гітараю і ў вобразах.

Спачатку для ўдзельнікаў "БАЖынак" зладзілі невялікую экскурсію ў Дзяржаўным лiтаратурным музеі Янкi Купалы. Вязынка — вельмі маляўнічая вёска, таму гасцей не трэба дадткова запрашаць да фотасесій :)

Старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец, кіраўніца маладзечанскай філіі Зоя Хруцкая і намесніца старшыні аб'яднання Аліна Суравец вітаюць удзельнікаў "БАЖынак-2017".

Удзельнікам фэсту раздалі заданні, падрыхтаваныя па матывах творчасці Янкі Купалы. Нам здаецца, што з літаратурнай спадчынаю Купалы ўсе добра знаёмыя, але квэст паказаў, што класіку варта чытаць і перачытваць :)

Зоя Хруцкая распавяла, што ў Маладзечанскай філіі не вагаліся дзе правесці "БАЖынкі", бо Вязынка — надзвычай атмасфернае і прыгожае месца. Тут, да слова, адбываецца шмат культурных імпрэз і раім калегам, калі ёсць магчымасць, іх наведваць. Абыякавым ад гэтай мясціны застацца немагчыма.

Затым удзельнікі фестывалю паехалі на сядзібу, дзе весела і з карысцю бавілі час.

Госцем фестывалю стаў украінскі эксперт Максім Буткевіч. Ён распавёў пра "мову нянавісці і варожасці" ў медыя, пра тое, які шлях ад стэрэатыпу да нянавісці, якую ролю ў гэтым адыгрываюь медыя.

Дарэчы, сёння, 7 жніўня, у Мінску адбудзецца адкрытая лекцыя Максіма Буткевіча пра свабоду слова і мову варожасці.

Пасля сур'ёзнай лекцыі ўдзельнікаў фэсту чакаў майстар клас па традыцыйным беларускім танцам ад Галляша Сялявы.

А вечарам каманды спаборнічалі ў спяванні песень ды складанні вершаў.

На другі дзень быў праведзены майстар-клас па кераміцы.

Адна з гаспадынь фестывалю Зоя Хруцкая і Галляш Сялява з Глыбокага, які ўсіх скарыў сваім майстар-класам па традыцыйным беларускім танцам, былі абраныя "Міс і Містэрам БАЖынак".

На завяршэнне “БАЖынак” каманды прэзентавалі свае фотагісторыі паводле вершаў Купалы, былі падведзеныя вынікі ў іншых конкурсах. Усе ўдзельнікі "БАЖынак" атрымалі сімвалічныя прызы, а таксама шмат пазітыўных эмоцый.