1769

Падпісчыкі “Крычаўскага жыцця” недалічыліся 4 нумароў

22.01.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Эканамічныя ўмовы

Падпісчыкі раённай газеты “Крычаўскае жыццё” атрымалі ў 2015 годзе толькі сто нумароў раёнкі. Між тым, паводле  падпісных каталогаў РУП “Белпошта”, у 2015 годзе павінна было выйсці сто чатыры нумары газеты.

На гэтую акалічнасць звярнуў увагу сябра ГА “БАЖ” з Крычава Мікалай Гердзій, які сам з’яўляецца падпісчыкам “Крычаўскага жыцця”.

Гердзій патэлефанаваў на “прамую лінію” да намесніцы старшыні Крычаўскага райвыканкама па ідэалогіі Жаны Дзмітрыевай і звярнуў яе ўвагу на тое, што ў 2015 годзе было надрукавана 100 нумароў раённай газеты “Крычаўскае жыццё” замест 104, і што гэта з’яўляецца падманам падпісчыкаў, якія папярэдне ўнеслі грошы.

11 студзеня журналіст таксама накіраваў пісьмовую прэтэнзію на адрас Крычаўскага раённага вузла паштовай сувязі. Адказ на зварот прыйшоў вельмі хутка. Кіраўніца вузла паштовай сувязі напісала сп. Гердзію,  што яго прэтэнзію накіравалі ў Магілёўскі філіял РУП “Белпошта” для далейшага разгляду, бо менавіта з ім, маўляў, заключала дамову на падпіску і распаўсюд рэдакцыя “Крычаўскага жыцця”.

Разам з тым, начальніца РУПС спадарыня Іванова паведаміла Гердзію, што яму вернуць грошы ў памеры 14 300 рублёў за чатыры недаатрыманыя ў 2015 годзе нумары “Крычаўскага жыцця”. У той жа дзень, 21 студзеня, супрацоўнікі “Белпошты” пад роспіс перадалі грошы журналісту.

Па словах Мікалая Гердзія, для яго не настолькі важная грашовая кампенсацыя -- ён абураны несумленным стаўленем да шасці з паловай тысяч падпісчыкаў. Тым больш што ў “Крычаўскага жыцця” няма праблем з фінансамі -- восенню 2015 года раёнка накіравала з уласнага бюджэту больш за 350 мільёнаў рублёў на дапамогу сельгаспрадпрыемствам Крычаўскага раёна і мясцовай школе.