215

«Падобна, што так»: Трамп лічыць што савудаўскі журналіст мёртвы

19.10.2018 Крыніца: Радыё Свабода

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што савудаўскі журналіст Джамаль Хашогджы, «здаецца, сапраўды быў забіты». Такую заяву кіраўнік Белага дома зрабіў, адказваючы на пытаньні журналістаў на авіябазе Эндрус у Мэрылэндзе.

«Падобна, што так. Вельмі сумна», — сказаў Трамп.

Амэрыканскі прэзыдэнт паабяцаў, што савудаўскі ўрад будзе пакараны, калі сьледзтва вызначыць, што яны маюць дачыненьне да таго, што здарылася.

«[Адказ] павінен быць жорсткім, то бок, гэта вельмі, вельмі дрэнна. Паглядзім, што будзе далей, добра?» — сказаў прэзыдэнт.

За некалькі гадзінаў да гэтага Дональд Трамп размаўляў зь дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампэа, які толькі вярнуўся з Савудаўскай Арабіі. У размове з журналістамі Пампэа таксама заявіў, што варта дачакацца канца расьсьледаваньня.

Вядомы журналіст з Савудаўскай Арабіі і крытык уладаў краіны Джамаль Хашокджы 2 кастрычніка зайшоў у консульства СА ў Турэччыне і зьнік. Турэцкія СМІ сьцьвярджаюць, што яго там катавалі і забілі. Каралеўства сваё дачыненьне адмаўляе, а Захад патрабуе расьсьледаваньня і пагражае санкцыямі.

Турэцкая паліцыя шукае парэшткі зьніклага бязь вестак савудаўскага журналіста ў лесе ў ваколіцах Стамбулу, а таксама ў адным з гарадоў на ўзьбярэжжы Мармуровага мора, паведамляе Reuters са спасылкай на шэраг афіцыйных крыніцаў.

Сьледчыя таксама выявілі «мноства сьлядоў» пасьля ператрусаў, праведзеных у будынку консульства і ў рэзыдэнцыі консула Савудаўскай Арабіі ў Стамбуле. Турэцкія ўлады пашырылі геаграфію пошукаў цела Хашокджы пасьля больш грунтоўнага вывучэньня маршрутаў і прыпынкаў аўтамабіляў, якія выяжджалі з тэрыторыі савудаўскага консульства 2 кастрычніка ў дзень зьнікненьня журналіста. Забойцы Хашокджы маглі пахаваць яго парэшткі ў найбуйнейшым стамбульскім лесапарку — Бялградзкім лесе. Яшчэ пошукі астанкаў вядуцца ў вёсцы побач з курортным горадам Ялова, за 90 км на поўдзень ад Стамбулу.