645

«Падлога пада мной была ў крыві». Карэспандэнту Свабоды зламалі нос пры затрыманні

15.07.2020 Крыніца: Svaboda.org

Пры затрыманьні Антону Трафімовічу зламалі нос, пасьля вызваленьня ён зьвярнуўся па мэдычную дапамогу, яму наклалі чатыры швы.

 

Антон Трафімовіч

Увечары 15 ліпеня ў Менску ў раёне Нямігі схапілі карэспандэнта "Радыё Свабода" Антона Трафімовіча і пазаштатную карэспандэнтку агенцтва БелаПАН Віялету Саўчыц. Пазьней высьветлілася, што іх завезьлі ў Заводзкае РУУС. А 20:34 журналістаў вызвалілі.

Незадоўга да затрыманьня Антон Трафімовіч вёў жывы рэпартаж ад будынку Цэнтральнай выбарчай камісіі. Вось што ён расказаў пра затрыманьне

«Калі я выйшаў з вуліцы Мясьнікова на Нямігу, каля мяне прыпыніўся мікрааўтобус, адкуль выбеглі 6-7 чалавек, двое ў форме АМАПу, астатнія — у цывільным. Мне закруцілі рукі з сьпінай, засунулі ў рот руку, каб я не крычаў. Пры затрыманьні моцна стукнулі па носе.

У мікрааўтобусе мяне пасадзілі на падлогу на калені, надзелі кайданкі за сьпінай, увесь час трымалі галавой уніз. У мяне цякла кроў, але супрацоўнікі міліцыі на гэта не рэагавалі. Уся падлога пада мной была ў крыві, вопратка таксама запэцканая кроўю.

Ніхто не прадстаўляўся, не сказалі, на падставе чаго затрымліваюць. Проста кінулі ў мікрааўтобус і адвезьлі ў Заводзкае РУУС. Толькі там дазволілі вымыць твар ад крыві. Праз гадзіну адпусьцілі».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!