932

Падчас мітынгу з нагоды Дня волі ў Брэсце была ўхвалена рэзалюцыя ў падтрымку журналістаў, што зведваюць пераслед уладаў

25.03.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

25 сакавіка ў Брэсце адбыліся санкцыянаваныя мясцовым гарвыканкамам шэсце і мітынг, прысвечаныя 99-м угодкам з моманта абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

Удзельнікі мітынга адзінагалосна прынялі рэзалюцыю на адрас пракурора Брэсцкай вобласці, дзе выказваецца пратэст у сувязі з прыцягненнем да адміністратыўнай адказнасці ўдзельнікаў мірных акцый супраць дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і журналістаў, што асвятлялі гэтыя падзеі.

“У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь кожнаму гарантуецца свабода думак, меркаванняў і іх вольнае выказванне. У адпаведнасці з палажэннямі Асноўнага Закона просім неадкладна ўнесці пракурорскі пратэст на ўсе рашэнні судоў першай інстанцыі, якія тычыліся адміністратыўных спагнанняў у выглядзе штрафаў і арыштаў за ўдзел у мірных акцыях”, — гаворыцца у рэзалюцыі.

У яшчэ адной рэзалюцыі, якая была ўхвалена падчас мітынга ў Брэсце і будзе накіравана ў адміністрацыю прэзідэнта Беларусі, утрымліваецца патрабаванне “забяспечыць доступ да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі (цэнтральных і рэгіянальных тэлеканалаў і газет, фінансуемых са сродкаў бюджэта) прадстаўнікам усіх зарэгістраваных палітычных партый і грамадскіх арганізацый на рэгулярнай і празрыстай аснове”.

 

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!