389

Падчас інтэрв’ю ў Брэсце затрымалі блогера Сяргея Пятрухіна

13.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Як паведаміў яго калега Аляксандр Кабанаў, здарылася гэта ўдзень 13 лістапада ў адным з апорных пунктаў міліцыі, куды блогеры прыехалі каб зрабіць запіс для журналісцкага расследавання.

Сяргей Пятрухін

Паводле словаў Кабанава, участковы інспектар міліцыі, у якога Сяргей Пятрухін збіраўся ўзяць інтэрв’ю, ад размовы адмовіўся, і блогеры збіраліся сыходзіць з міліцэйскага пастарунка.

“У гэты момант мяне раптоўна выпіхнулі з апорнага пункту міліцыі, нічога не патлумачылі і зачынілі дзверы. Сяргей Пятрухін быў затрыманы, пазней яго адвезлі ў Ленінскі РАУС Брэста”, — кажа Аляксандр Кабанаў. Ён меркаваў, што Пятрухіна, які збіраўся забіраць сына з дзіцячага садка, неўзабаве адпусцяць.

“Але неўзабаве Сяргей патэлефанаваў і паведаміў, што сына забраць не зможа, бо затрыманы невядома на якой падставе”, — дадаў Аляксандр Кабанаў.  

Пазней ад праваабаронцы Рамана Кісляка стала вядома, што Сяргей Петрухін затрыманы паводле артыкула 24.6 КаАП (“Ухіленне ад яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны альбо крымінальны працэс, альбо да судовага выканаўцы”). Падставай з’явілася тое, што блогер не прыйшоў 4 лістапада ў міліцэйскі пастарунак паводле позвы.

Чакаецца, што справа Сяргея Пятрухіна будзе разглядацца ў судзе Ленінскага раёна Брэста 14 лістапада, а пакуль блогер змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.