569

Падчас “бажаўскага” прэс-клуба Кастусёў прапанаваў адзначыць наступны Дзень Волі ў Магілёве

01.04.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прэс-клуб на тэму “Перспектывы развіцця беларускай дзяржаўнасці” правялі 29 сакавіка ў Магілёве мясцовыя сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

 

Паўдзельнічаць у ім сабралася больш за два дзясяткі журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны. Паміж імі адбылася цікавая дыскусія пра існуючыя праблемы ў развіцці беларускай дзяржаўнасці на сучасным этапе. Кожны ўдзельнік сустрэчы змог выказаць сваё меркаванне на гэты конт.

 

Сваімі думкамі і ідэямі з удзельнікамі сустрэчы падзяліліся каардынатар Руху “За свабоду” па Магілёўскай вобласці Пётр Мігурскі, грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч, намеснік старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Салаўёў, грамадская актывістка з Крычава Надзея Іванова, журналіст Аляксандр Буракоў (старэйшы) і многія іншыя.

Вельмі пазітыўным атрымаўся выступ галоўнага рэдактара газеты “УзГорак” Галіны Буднай. Яна адзначыла, што колькасць людзей, якія ўсведамляюць неабходнасць існавання самастойнай беларускай дзяржавы, стабільна павялічваецца. У прыватнасці, большасць моладзі станоўча адносіцца да нацыянальнай сімволікі і да адзначэння Дня Волі.

У гэтым годзе святочныя мерапрыемствы да Дня Волі 25 сакавіка мясцовыя актывісты ў Горках ладзілі цягам трох дзён, яны былі пазітыўна сустрэтыя жыхарамі горада.

“Усё атрымалася”, — адзначыла Галіна Будная.

Цікавую прапанову падчас свайго выступу агучыў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Спаслаўшыся на станоўчы прыклад правядзення Дня Волі-2019 у Гродне, Кастусёў выказаў ідэю зрабіць цэнтрам адзначэння Дня Волі ў наступным годзе Магілёў, зладзіўшы менавіта тут вялікі святочны канцэрт. Палітык абгрунтаваў сваю прапанову тым, што геаграфію правядзення падобных вялікіх мерапрыемстваў патрэбна пастаянна пашыраць.

Рыгор Кастусёў нагадаў удзельнікам прэс-клуба, што Магілёў быў адзіным губернскім горадам Беларусі, у якім на адмысловым сходзе 31 сакавіка 1918 года каля 400 дэлегатаў падтрымалі стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і прызналі ўладу Цэнтральнай беларускай рады ў Мінску. Сваю прапанову ён збіраецца вынесці на разгляд аргкамітэта і звярнуўся да ўдзельнікаў прэс-клуба з просьбай падтрымаць яго.

Ідэя Кастусёва выклікала вялікую цікавасць сярод удзельнікаў мерапрыемства. Мадэратар прэс-клуба Барыс Вырвіч быў вымушаны нагадаць, што мэта яго ўдзельнікаў крыху іншая, але прапанаваў журналістам і актывістам выказаць свае меркаванні.

Сваімі думкамі наконт магчымасці арганізацыі вялікага святочнага мерапрыемства да Дня Волі-2020 у Магілёве падзяліліся многія, але найбольш канкрэтныя прапановы агучыў праваабаронца Барыс Бухель.

На яго думку, зладзіць паспяховае святкаванне ў горадзе можна будзе толькі пры той умове, калі яго арганізацыяй зоймуцца не мясцовыя структуры палітычных партый, а грамадскія актывісты, якія маюць вопыт правядзення вялікіх мерапрыемстваў (ГЦ “Кола”, Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, Магілёўскай суполкі ТБМ, іншых арганізацый) і журналісты мясцовай суполкі ГА “БАЖ”.

Пасля падвядзення вынікаў пасяджэння прэс-клуба Юрый Плоткін прэзентаваў прысутным сайт Магілёўскай суполкі ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.

Юрый распавёў пра тое, чым новаствораны сайт будзе цікавым для мясцовых журналістаў і грамадскіх актывістаў. Ён паказаў, дзе наведнікі сайта могуць знайсці інфармацыю пра дзейнасць магілёўскіх бажаўцаў і мерапрыемствы, якія яны праводзяць, азнаёміцца з гісторыяй дзейнасці магілёўскай суполкі журналісцкай арганізацыі, знайсці неабходныя кантакты. Плоткін заклікаў удзельнікаў сустрэчы дзяліцца сваімі публікацыямі для размяшчэння на сайце.

У той жа дзень, 29 сакавіка, сябры магілёўскай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” правялі яшчэ адно мерапрыемства. На агульным сходзе бажаўцы разгледзелі некалькі арганізацыйных пытанняў дзейнасці суполкі, узгаднілі тэрміны правядзення круглага стала ў Магілёве, заслухалі прапановы Дзмітрыя Салаўёва і Валерыя Каранкевіча, абмеркавалі магчымасці правядзення мерапрыемстваў суполкі ў рэгіёнах Магілёўскай вобласці.

Прэс-клуб і сход сябраў магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” традыцыйна прайшлі ў гасцінных сценах Грамадскага цэнтра “Кола” ў Магілёве.