2868

Пад Гродна прайшлі “БАЖынкі-2016” (ШМАТ ФОТА)

22.08.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Удзел у традыцыйным жнівеньскім культурна-спартыўным фэсце ўзялі больш за тры дзясяткі сябраў журналісцкай арганізацыі з розных рэгіёнаў Беларусі.

Праграма “БАЖынак” была падзелена на два дні і ўключала ў сябе творчыя заданні, прафесійныя дыскусіі, культурніцкую частку і нават імправізаваныя спартовыя спаборніцтвы.

У першы дзень фэсту усе ўдзельнікі былі падзеленыя на чатыры каманды і атрымалі творчыя заданні: падрыхтаваць інфармацыйныя матэрыялы на тэмы, звязаныя з горадам. Сярод тэмаў: міжкультурныя дачыненні ў Гродне, праблемы захаванне гістарычных будынкаў горада і нават беларуска-польскае памежжа.

Свае заданні журналісты выконвалі з дапамогай мясцовых экспертаў у той ці іншай галіне. Да прыкладу, пра міжканфесійнасць Гродна БАЖаўцам згадзіўся распавесці мясцовы сябра арганізацыі, эксперт у гэтай галіне Віктар Парфёненка.

Пасля выканання заданняў для сябраў арганізацыі адбылася пешая экскурсія па горадзе, а затым журналісты сабраліся ў памяшканні няўрадавай арганізацыі “Трэці сектар”, дзе адбыўся круглы стол, прысвечаны пераследу і перашкодам у працы журналістаў.

У часе круглага стала сваімі меркаваннямі падзяліліся юрысты, журналісты, што працуюць “у полі” і рэпарцёры, што трапілі сёлета пад адміністрацыйны пераслед і суды за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі.

Пасля круглага стала удзельнікі “БАЖынак” скіраваліся на адну з аграсядзібаў пад горадам, дзе для іх была арганізавана вячэра, выступ музыкаў і вогнішча. Нягледзячы на набліжэнне восені, вечар апынуўся даволі цёплым, а бліжэй да вогнішча – нават гарачым :).

Раніцай суботы удзельнікі фэсту сабраліся на спартыўна-забаўляльныя спаборніцтвы, паўдзельнічалі ў майстар-класе па вырабе народных абярэгавых лялек ад Юліі Катаржынскай.

На завяршэнне “БАЖынак” каманды прэзентавалі ўласныя журналісцкія матэрыялы ў адпаведнасці з заданнем. А таксама атрымалі прызы. Па суме конкурсаў пераможцамі фэсту стала каманда ў складзе Яўгена Дзікусара, Ларысы Шчыраоква, Вольгі Сяховіч, Сабіны Брыло і Андрэя Мялешкі.

Міс і містэрам “БАЖынак” сталі прыгажуня Вольга Корсун і дасціпны Віктар Парфёненка з Гродна :) Пасля завярэння фэсту яго ўдзельнікі скіраваліся ў свае рэгіёны.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” дзякуе гродзенскім сябрам аб’яднання за арганізацыю фэсту і чакае ўсіх на “БАЖынках-2017”. Заклікаем удзельнікаў фэсту таксама дасылаць свае фота на сайт.

 

Атмасферны фотарэпартаж Андрэя Павука. БАЖынкі-2016 :)