1558

Пад Гомлем незалежных журналістаў абпырскалі хімікатамі

08.08.2017 Крыніца: Радыё Свабода

Ля сьвінакомплексу побач зь вёскай Зялёныя Лукі Гомельскага раёну на журналістаў-фрылансэраў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына напаў невядомы ў цывільным з садовым апырсквальнікам за плячыма і абдаў з распыляльніка невядомым аэразолем.

«Мы хацелі праверыць на тутэйшым сьвінакомплексе „Добрая хрюшка“ інфармацыю пра падзёж сьвіней. Нас перастрэў незнаёмец і абпырскаў нейкай вадкасьцю — цяпер мне пячэ ўваччу, цяжка дыхаць. Выклікалі міліцыю й хуткую мэдычную дапамогу. Міліцыя прыехала, ажно пяць чалавек, а хуткай дапамогі няма. Мінула ўжо больш як паўгадзіны», — сказаў праз тэлефон Кастусь.

Пяцёра міліцыянтаў спрабуюць цяпер вывезьці Жукоўскага й Толчына нібыта за «санітарную зону», каб ехаць у РАУС складаць пратакол — ці то на нападніка, ці то саміх журналістаў-фрылансэраў.

У Зялёныя Лукі нарэшце прыехала машына хуткай медычнай дапамогі. Брыгада канстатавала ў Жукоўскага атручваньне невядомым хімічным рэчывам.

“Мяне вязуць у бальніцу хуткай медычнай дапамогі. У мяне кружыцца галава, яшчэ пячэ ў ваччу, падключыўся кашаль, паднялася  да 37,4 градуса тэмпература. Нападнік апырскаў мяне нейкай хімічнай вадкасцю з галавы да ног”, — распавёў Кастусь Службе  маніторынгу ГА "БАЖ".

Андрэю Толчыну невямомае хімічнае рэчыва патрапіла найбольш на ніжнюю палову тулава. Журналістам давялося пакінуць аўтамабіль каля дарожнага знака “Уезд забаронены”.

Яны ішлі да свінакомплекса пешшу. Лічаць, што нападнік — адзін з работнікаў комплексу “Добрая Хрюшка”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!