318

Пад Бабруйскам адкрыюць помнік Алесю Адамовічу і правядуць тэатралізаваную экскурсію па ягоных творах

07.11.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Адкрыццё бюста — 9 лістапада, шпацыр-спектакль — 10-га. Да рэалізацыі абодвух ідэй спрычыніліся сябры бабруйскай суполкі ГА “БАЖ”.

Праграма адкрыцця помніка

Помнік слыннаму беларускаму пісьменніку, публіцысту Алесю Адамовічу размесціцца ў вёсцы Глуша пад Бабруйскам, каля мясцовага Дома культуры.

Расклад мерапрыемстваў у Глушы на 9 лістапада:

12.50 — Сустрэча каля Дома культуры.

13.15 — Шэсце на брацкія могілкі ахвяр Другой сусветнай вайны, ускладанне кветак.

13.30 — 13.45 — Пераезд на могілкі, дзе пахаваны Алесь Адамовіч, ускладанне кветак, літургія.

14.00 — Вяртанне ў пасёлак Глуша, адкрыццё бюста. Перад гасцямі выступяць прадстаўнікі мясцовай улады, дачка пісьменніка Наталля Адамовіч, ініцыятар усталявання помніка, бабруйскі актывіст Андрусь Архіпенка.

14.20 — Канцэртная праграма.

З Мінска і Бабруйска будуць арганізаваныя аўтобусы. (Кошт з Мінска — 30 рублёў, з Бабруйска — 4 рублі. Запісацца можна па тэлефонах: +375255388628 і +375291238873.)

Пра ўсталяванне ў Глушы помніка Алесю Адамовічу даўно марыла старшыня глушанскага пасялковага савета Марыя Сушчанка. За рэалізацыю ідэі ўзяўся бабруйчанін Андрусь Архіпенка. На пачатку 2018 года ён сабраў подпісы за помнік, а пасля і грошы з дапамогай краўдфандынгу. Сярод ахвярадаўцаў: стваральнік партала tut.by Юрый Зісер і пісьменніца Святлана Алексіевіч.

Аўтары бюста — скульптары Генік Лойка і Яўген Білей.

Гісторыя стварэння і праграма тэатралізаванай экскурсіі

Амаль адразу са зборам подпісаў за помнік у Андруся Архіпенкі з’явілася яшчэ адна ідэя ўшанавання памяці пісьменніка — прысвяціць яму аўтобусны прыпынак у Глушы, зрабіўшы з яго арт-аб’ект. Для рэалізацыі гэтай задумкі сабралася ініцыятыўная група, якая так і назвалася “Прыпынак Адамовіча”. У яе ўвайшлі тры сябры бабруйскай суполкі ГА “БАЖ”: журналістка ў мінулым, цяпер гаспадыня тайм-клуба “1387” у Бабруйску Наталля Халанская, журналістка Алеся Лацінская, журналістка, кіраўніца бабруйскай суполкі ГА “БАЖ” Марына Маўчанава.

Арт-аб’ект “Прыпынак Адамовіча”

Арт-аб’ект “Прыпынак Адамовіча” быў адкрыты ў кастрычніку 2018 года. Над бюстам ужо працавалі скульптары. А каманда пайшла далей і прыдумала праект “Глуша Адамовіча”, з якім сёлета перамагла на рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў “Social weekend”. Цэнтральная частка праекта — тэатралізаваная экскурсія па матывах твораў Алеся Адамовіча. Адбудзецца гэтая экскурсія 10 лістапада а 15.00 ў Глушы. Пачатак на тэрыторыі “Музея рамёстваў” (пляцоўка, дзе праходзіць фестываль “Глушанскі хутарок”).

Андрусь Архіпенка

Аўтарка сцэнара экскурсіі — вядомая беларуская драматург Вольга Прусак. Граць будуць акцёры бабруйскага тэатра ім. В. Дуніна-Марцінкевіча.

З Бабруйска замоўлены аўтобус, ад’езд а 14-й. Удзел у экскурсіі бясплатны. Запісацца можна па тэлефоне +37529 241 82 90 (Марына).